Пракуратура: "Ніякіх скаргаў ад Статкевіча не паступала"

Аляксей Гаўруцікаў

Давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Мікалая Статкевіча, жыхар Віцебску Аляксей Гаўруцікаў атрымаў адказ з Генпракуратуры на сваю заяву "аб выкраданьні і зьнікненьні Статкевіча".

У лісьце, датаваным яшчэ 29-м сьнежня 2010 году, напісана, што Мікалай Статкевіч затрыманы 19 сьнежня паводле распачатай крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску і што "ніякіх скаргаў на дзеяньні органа крымінальнага перасьледу і ўмовы ўтрыманьня ў сьледчым ізалятары ад Статкевіча не паступала".

Адказ пракуратуры ня кажа нічога новага пра цяперашняе становішча зьняволенага палітыка, адзначае Аляксей Гаўруцікаў. У сваёй заяве ён патрабаваў прызначыць расьсьледаваньне факту выкраданьня Статкевіча, затрыманага 19 сьнежня ў 23.45 каля менскага Галоўпаштамту, арганізаваць яму мэдычную дапамогу і належным чынам інфармаваць пра захады, прынятыя па дадзенай заяве.


Ні сваякі, ні аднадумцы дагэтуль не атрымалі ніводнага ліста ад зьняволенага ў СІЗА КДБ палітыка. Пра яго вядома толькі тое, што 29 сьнежня мінулага году яму прад’явілі абвінавачаньне ў арганізацыі масавых беспарадкаў і што на знак пратэсту ён адразу пасьля затрыманьня абвясьціў галадоўку.

30 дзён таму Мікола Статкевіч абвясьціў галадоўку

Кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч быў затрыманы падчас акцыі пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году. Паводле зьвестак ён адразу пасьля арышту абвясьціў галадоўку. Ён дамагаецца скасаваньня вынікаў выбараў з-за масавых фальсыфікацый.

Паплечнікі Міколы Статкевіч лічыць, што палітык ня спыніць галадоўку. Паведамляецца таксама, што палітык адмаўляецца даваць паказаньні сьледзтву. 29 сьнежня яму было выстаўленае абвінавачваньне ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках. Адвакат палітыка Тацьцяна Станкевіч прысутнічала пры выстаўленьні абвінавачваньня. Больш ёй не далі магчымасьці сустрэцца зь яе падабаронным. Родныя не атрымлівалі ад яго ніякіх лістоў.