Лукашэнка рыхтуецца да інаўгурацыі

Цырымонія інаўгурацыі, 2006 год.

Інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі можа адбыцца 21 студзеня. Пра гэта «Свабодзе» сёньня паведаміў сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Мікалай Лазавік. І хоць гэтая дата названая папярэдняй, падрыхтоўка да цырымоніі ўжо пачалася.

Канстытуцыя Беларусі прадугледжвае: абраны кіраўнік дзяржавы заступае на пасаду пасьля прынясеньня прысягі. Канчатковую дату інаўгурацыі звычайна вызначае прэзыдэнцкая адміністрацыя. Адзінае абмежаваньне тут — цырымонія павінна адбыцца не пазьней як праз два месяцы пасьля выбараў, кажа сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік:

«У адпаведнасьці з Канстытуцыяй абраны прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь павінен прыняць прысягу цягам двух месяцаў пасьля дня выбараў. Гэта значыць — да 19 лютага. І час яшчэ ёсьць. Але, наколькі я ведаю, ужо вядзецца папярэдняя прапрацоўка сцэнару інаўгурацыі. Абмяркоўвалася дата — 21 студзеня.

Гэта рабочая дата, якая ня ўзгодненая яшчэ з кіраўніком дзяржавы. Аднак напрацоўкі вядуцца. І, хутчэй за ўсё, гэтая дата і будзе асноўнай».

Тым часам пасьля прэсавай канфэрэнцыі 20 сьнежня Аляксандар Лукашэнка амаль зьнік з экранаў Беларускага тэлебачаньня. Гэтаксама было і пасьля папярэдніх выбараў. У чым тут справа? Ці гэта стомленасьць пасьля выбарчай кампаніі? Ці, можа, Лукашэнка выехаў кудысьці адпачываць? А можа, гэта палітыка новага кіраўніка БТ? На пытаньні, якія задаюць у гэтыя дні слухачы «Свабоды», я сёньня папрасіў адказаць Паўла Лёгкага — кіраўніка прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі:

Вы перажываеце?! Кіраўнік дзяржавы на два дні з экрану зьнік. Бяда такая ў вас.
«Вы перажываеце?! Кіраўнік дзяржавы на два дні з экрану зьнік. Бяда такая ў вас. На мой погляд, у выходныя дні гледачы ды слухачы (вашыя, у кожным разе) ня вельмі турбуюцца пра палітычныя падзеі ў нашай краіне.

Прэзыдэнт знаходзіцца ў Менску. Ён працуе ў звычайным сваім рэжыме. І ўжо сёньня вы даведаецеся, якія мерапрыемствы былі ў кіраўніка дзяржавы».

У 2006 годзе Аляксандар Лукашэнка цягнуў з інаўгурацыяй — цырымонія двойчы пераносілася. Хадзілі нават чуткі, , што гэта магло быць зьвязана з пагаршэньнем здароўя Лукашэнкі. Прысягу і праграмную прамову тады ў вялікай зале Палаца рэспублікі слухалі 2600 гасьцей. Цырымонія трансьлявалася ў жывым эфіры па ўсіх тэле- і радыёканалах. Аднак тады ніводзін лідэр замежных дзяржаў на ўрачыстасьцях у Менску не прысутнічаў. Не было і афіцыйных прадстаўнікоў Крамля.

Праз 15 хвілін Лукашэнка выйшаў на Кастрычніцкую плошчу ўжо ў генэральскай форме. У другой палове дня на плошчы з нагоды інаўгурацыі адбыўся канцэрт

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі таксама згадвае, што ў 2006 годзе дата інаўгурацыі пераносілася:

«І тады было шмат кулюарных размоваў пра тое, што Плошча моцна паўплывала на эмацыйны, псыхалягічны стан афіцыйнага пераможцы тых выбараў. Гэтым разам Плошча была яшчэ больш драматычнай. А рэакцыя Эўропы — яшчэ больш абвостранай. Таму я думаю, што афіцыйны лідэр, як чалавек эмацыйны, прыняў гэта блізка да сэрца. І, напэўна, гэта адбілася на тым, што яго актыўнасьць зараз мінімальная. Тым болей, што Эўропа і ўласная грамадзкасьць паставілі вельмі нязручныя пытаньні. І на іх трэба адказваць.

А адказваць так, як гэта робіцца цяпер у афіцыйных мэдыях, дзе ідзе гульня ў адны вароты, — гэта, мякка кажучы, непераканаўча».