Памёр удзельнік беларускага патрыятычнага падпольля Сяргей Яноўскі

Сяргей Яноўскі нарадзіўся ў 1925 годзе ў вёсцы Залесьсе Вялейскага павету (цяпер Вялейскі раён Менскай вобласьці) у сям'і настаўніка. У пачатку 1944-га ўдзельнічаў у партызанскім руху. Пасьля вайны працаваў загадчыкам школы ў вёсцы Сачыўкі былога Ільлянскага раёну Маладзечанскай вобласьці.

У 1947 годзе Сяргей Яноўскі быў кіраўніком беларускага патрыятычнага падпольля ў Маладзечанскай вобласьці. 8 жніўня 1947 году быў арыштаваны савецкімі карнымі органамі. Засуджаны ваенным трыбуналам войскаў паводле артыкулаў 63-I і 76 Крымінальнага кодэксу БССР да 10 гадоў зьняволеньня і 3 гадоў пазбаўленьня правоў (высланьня) з канфіскацыяй маёмасьці за ўдзел у "антысавецкай кантрарэвалюцыйнай арганізацыі, створанай Васілём Супруном у траўні 1946 году для правядзеньня антысавецкай прапаганды. Распаўсюджваў антысавецкія погляды, захоўваў ў сябе антысавецкія распараджэнні цэнтру, вёў падрыхтоўку для залучэньня ў арганізацыю іншых членаў і працу для пашырэньня дзейнасьці арганізацыі".

Ад расстрэлу Яноўскага выратаваў толькі прыняты ў 1947 годзе закон аб адмене сьмяротнага пакараньня. Пакараньне адбываў у турмах Менску і канцлягерах СССР.

У 1954 годзе Сяргея Пятровіча вызвалілі, але жыў і працаваў ён у Тайшэцкім раёне. Толькі ў 1957 годзе вярнуўся ў Беларусь, працаваў будаўніком, загадчыкам гаспадаркі піянэрскага лягеру, інспэктарам Міністэрства фінансаў. У 1991 годзе падаваў дакумэнты на рэабілітацыю, але суд падцвердзіў прысуд 1947 году.

18 сьнежня Сяргей Яноўскі быў пахаваны на Калодзішчанскіх могілках пад Менскам.