В.Цярэшчанка: Прэзыдэнт — чалавек, які пойдзе на крайнасьці

Віктар Цярэшчанка на прэсавай канфэрэнцыі паказвае свае навуковыя працы.

Сёньня большая частка кандыдатаў у прэзыдэнты праводзіла сустрэчы з выбарцамі: Яраслаў Раманчук — у Слоніме, Мікола Статкевіч — у Жлобіне, Віктар Рымашэўскі — у Магілёве, Уладзімер Някляеў — у Гомелі, Рыгор Кастусёў і Андрэй Саньнікаў — у Менску. Віктар Цярэшчанка на прэс-канфэрэнцыі ў Менску зрабіў шэраг гучных заяваў.

Віктар Цярэшчанка заявіў: незалежна ад таго, хто пераможа на выбарах, ён гатовы быць «найманым працаўніком дзеля рэалізацыі праграмы стабілізацыі беларускага рубля». Ён адзначыў, што інакш чакаецца «трэцяя дэнамінацыя беларускага рубля, дэфолт, банкруцтва дзяржавы». Спадар Цярэшчанка сказаў, што яму не паступалі прапановы ўвайсьці ва ўрад, але разьлічвае, што такая прапанова паступіць пасьля выбараў. Ён сказаў, што пасада павінна даваць яму правы і паўнамоцтвы.

«Я павінен мець паўнамоцтвы і каманду. Абавязковая ўмова, якую я пастаўлю, калі кіраўнік краіны скажа мне і пацісьне руку: „Так, Віктар, я давяраю і даю гэтыя паўнамоцтвы“. Я на гэта пайду».



Карэспандэнт «Свабоды» запытаўся: у сытуацыі, калі спадар Цярэшчанка ня можа, як ён кажа, «дакрычацца да ўладаў», каб рэалізаваць сваю праграму, то ці ня лічыць ён патрэбным выйсьці на плошчу 19 сьнежня? Кандыдат адказаў:

«Удзел у мітынгу 19 сьнежня, — а гэта несанкцыянаваны мітынг, — гэта права кожнага грамадзяніна. 19 сьнежня як кандыдат у прэзыдэнты на мітынг я пайду і буду ў ім браць удзел. Але я прашу сваіх суайчыньнікаў не прыходзіць на плошчу 19 сьнежня. Не падтрымліваць палітычныя лёзунгі партый, якія штурхаюць на беспарадак. Паход натоўпу на рэзыдэнцыю нічога ня зьменіць. Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь — гэта чалавек, які пойдзе на крайнасьці. Не спыняючыся. Я вельмі не хацеў бы гэтага. 19-га, ня ведаючы вынікаў, зрабіць на плошчы кровапраліцьцё — я не хачу на гэта штурхаць. Але не ўспрымайце, што я за выканаўчую ўладу ці некага хачу абараніць».

Таксама спадар Цярэшчанка сказаў, што не зьбіраецца здымаць сваю кандыдатуру з выбараў. Ніхто зь іншых кандыдатаў, паводле ягоных слоў, таксама не зьбіраецца гэта рабіць, і цяпер у гэтым няма сэнсу.

Жонка Цярэшчанкі Натальля сказала, што, магчыма, ня пусьціць свайго мужа на плошчу.

Камэнтуючы заяву Цярэшчанкі адносна сустрэчы з выбарцамі на Кастрычніцкай плошчы 19 сьнежня, Мікола Статкевіч адзначыў, што спадар Цярэшчанка апынуўся ў складанай сытуацыі:

«За ім сочаць, ён казаў, што нават нешта зрабілі з машынай. Ён напалохаўся. І я па-чалавечы разумею гэты страх. Тут уся краіна напалоханая. Гэтыя заявы выкліканыя менавіта страхам. Раней, калі страху было меней, перад дэбатамі, ён прапаноўваў мне тэкст заявы, дзе гаварылася аб тым, што калі ня пусьцяць прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі і не дадуць яшчэ тэлебачаньня, то мы прызнаем выбары несапраўднымі і павінны выходзіць на плошчу. Ён чамусьці зьмяніў сваю пазыцыю. Гэта зьвязана зь ціскам на яго. На жаль, ня ўсе здольныя вытрымліваць ціск гэтай улады».

Рыгор Кастусёў, які сёньня праводзіў сустрэчы з выбарцамі ў Менску, таксама зьдзіўлены гэтай заявай Цярэшчанкі:

«Учора я размаўляў зь ім па тэлефоне пра плошчу. Мы адназначна выказалі супольную пазыцыю, што мы на плошчу пойдзем і гэта павінна быць мірная акцыя пратэсту. Я як кандыдат заклікаю да мірных акцыяў пратэсту. Бо любая кроў — гэта кепска».

Яраслаў Раманчук кажа, што кожны, у тым ліку і спадар Цярэшчанка, мае свой пункт гледжаньня:

«У мяне іншы пункт гледжаньня. Так што ў нас, відавочна, розныя стратэгіі і розныя падыходы да гэтага. Запрашаем людзей на плошчу, на сьвята, на тое, каб разам, мірна, узяцца за рукі і чакаць дэмакратычных зьменаў. Выходзіць на плошчу — гэта наша канстытуцыйнае права, але мы супраць таго, каб там рэвалюцыю нейкую рабіць. Я супраць гэтага».

Віталь Рымашэўскі адзначыў, што заявы Цярэшчанкі не паўплываюць на жаданьне людзей выйсьці на плошчу.

«Беларуская ўлада настолькі бязглуздая, што здае сваіх агентаў. Беларуская ўлада робіць стаўку на тое, што будзе псэўдаапазыцыя зь яе шэрагаў. А яна здае сваіх апошніх прэтэндэнтаў на гэту псэўдаапазыцыю. Праўда, яшчэ ёсьць з шэрагаў апазыцыі, і гэта больш небясьпечна, з шэрагаў рэальных дэмсілаў. Тыя людзі, якія нарабілі частку шкоды і яшчэ могуць. Таму я ня стаў бы надаваць вялікую ўвагу гэтай заяве».

Сустрэча Касусёва з выбарцамі ля Камароўкі

Сустрэча Касусёва з выбарцамі ля Камароўкі
Жанчыны з чырвона-зялёнымі парасонамі ппрыйшлі агітаваць за Лукашэнку.
Ля Камароўкі раздавалі ўлёткі за Раманчука

Кобрын. З школьнай клясы зрабілі буфэт

Кобрын. З школьнай клясы зрабілі буфэт
Участак для галасаваньня ў гарадзкой гімназіі.