Пабілі сябра ініцыятыўнай групы Саньнікава

24 лістапада каля 17:30 невядомы зьбіў Валерыю Краўчанку, сябру ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава.

Пра гэта паведаміў БелаПАН прэс-сакратар Саньнікава Аляксандар Атрошчанкаў.

Паводле ягоных слоў, Краўчанка ў сталічным мікрараёне Ўручча распаўсюджвала інфармацыйныя матэрыялы пра час тэлевізійнага выступу Саньнікава.

"Да яе падышоў мужчына, абразіў, потым некалькі разоў ударыў па твары, нанёс удар нагой у жывот", — сказаў Атрошчанкаў.

Краўчанка зьвярнулася ў паліклініку. Мэдыкі зафіксавалі ў яе ўдар мяккіх тканін. З паліклінікі супрацоўнікі міліцыі адвезьлі Краўчанку ў міліцыю Першамайскага раёну, дзе яна дала паказаньні і напісала заяву аб нападзе.

"Наўрад ці гэта быў проста спантанны напад, бо ідзе перадвыбарчая кампанія", — адзначыў Атрошчанкаў.

У ноч на 23 лістапада быў таксама зьбіты невядомымі Ігар Лялькоў — давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Рыгора Кастусёва. Па словах Лялькова, калі ён выходзіў ад сяброў, ля пад'езду невядомыя ўдарылі яго ў твар цяжкім прадметам, пасьля чаго ён страціў прытомнасьць. Мэдыкі канстатавалі пералом носу і рукі. Лялькоў ня змог сказаць, ці зьвязаны напад зь ягонай палітычнай дзейнасьцю, бо нападнікі, нічога яму не казалі.