У шпіталях застаюцца пяцёра пацярпелых ад выбуху на "Пінскдрэве"

Двое пацярпелых ад выбуху на заводзе "Пінскдрэў-ДСП" могуць быць выпісаныя зь менскай бальніцы праз два тыдні.

Галоўны лекар гарадзкой клінічнай бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі Віктар Сірэнка паведаміў, што яны адчуваюць сябе нармальна. Яшчэ аднаго пацярпелага выпісалі зь лякарні на мінулым тыдні, перадае БелаПАН.

У Берасьцейскай абласной бальніцы знаходзіцца мужчына 1976 году нараджэньня. Яго стан на раніцу 22 лістапада — сярэдняй ступені цяжкасьці.

Яшчэ двое пацярпелых, мужчыны 1981 і 1977 гадоў нараджэньня, знаходзяцца ў рэанімацыі. Іх ужо адключылі ад апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Абодва яны дыхаюць і сілкуюцца самастойна. Іх стан мэдыкі ацэньваюць як стабільна цяжкі.

У выніку выбуху, які адбыўся на заводзе "Пінскдрэў-ДСП" 25 кастрычніка, загінулі 14 чалавек. Целы дваіх выратавальнікі знайшлі пад заваламі, астатнія памерлі ў шпіталях ад моцных апёкаў.