Кіргізстан: завочны суд над Бакіевым

У Кіргізстане сёньня адновіцца суд над экс-прэзыдэнтам Курманбекам Бакіевым, а таксама шэрагам ягоных родных і прадстаўнікоў былой улады. Усіх іх вінавацяць у перавышэньні службовых паўнамоцтваў і ў дачыненьні да расстрэлу апазыцыйнай дэманстрацыі 7 красавіка ў Бішкеку.

На лаве падсудных 22 колішнія высокапастаўленыя чыноўнікі. Яшчэ шасьцём, у тым ліку экс-прэзыдэнту, абвінавачаньні выстаўленыя завочна, і яны аб’яўленыя ў міжнародны вышук.

Міністэрства юстыцыі Кіргізстану запатрабавала ад адвакатаў абароны зьявіцца на паседжаньне суду ў панядзелак. Раней адвакаты адмовіліся ад удзелу ў працэсе, спаслаўшыся на пагрозы іх бясьпецы.

7 красавіка ў Бішкеку загінулі больш як 80 людзей – перадусім удзельнікі масавай акцыі пратэсту. Сьледзтва ўскладае адказнасьць за гібель дэманстрантаў на Бакіева і ягонае атачэньне.