Зьбіты журналіст выйшаў на мітынг

У Маскве, расейскі журналіст Міхаіл Бэкетаў, які стаў інвалідам пасьля таго, як яго зьбілі невядомыя, выйшаў сёньня на мітынг пратэсту супраць нападаў на супрацоўнікаў СМІ.

Бэкетаў быў заснавальнікам і галоўным рэдактарам газэты "Хімкінская праўда" i прымаў актыўны ўдзел у пратэстах супраць пабудовы шашы праз падмаскоўны Хімкінскі лес.

У 2008 годзе невядомыя жорстка зьбілі Бэкетава, пасьля чаго той згубіў дар мовы і перамяшчаецца пры дапамозе інваліднага вазка.

У гэтым месяцы невядомыя зьбілі журналіста Алега Кашына і экалягічнага актывіста Канстанціна Фэцісава. Некаторыя ўвязваюць гэтыя падзеі зь дзейнасьцю ахвяр у справе абароны Хімкінскага лесу.