Гаіці пагражае эпідэмія халеры

У Гаіці колькасьць ахвяр халеры дасягнула амаль 650 чалавек. Шпіталізавана каля 10 000 хворых.

Мэдыкі асьцерагаюцца, што хваля захворваньняў можа перарасьці ў эпідэмію. Асаблівую заклапочанасьць выклікаюць трушчобы сталіцы краіны Порт-о-Прэнс, дзе жыве больш за мільён грамадзян, што засталіся бяз даху над галавой пасьля разбуральнага землятрусу ў студзені.

Халера распаўсюджваецца праз забруджаную ваду і выклікае моцны панос. Безь неадкладнай дапамогі чалавек можа памерці ад абязводжваньня цягам некалькіх гадзін.