Падарожжа ў часе: савецкі Лукашэнка і югаслаўскі Кустурыца

Эмір Кустурыца

Менскі міжнародны кінафэстываль "Лістапад" ня толькі камэрцыялізуецца, але і палітызуецца. Зь першых дзён у афіцыйнай прэсе фігуруюць непрыемныя для Масквы выказваньні народнага артыста Грузіі Вахтанга Кікабідзэ, а ўчора пытаньні глябальнай палітыкі былі ўзьнятыя падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з сэрбскім кінарэжысэрам Эмірам Кустурыцам.

На камэрцыялізацыю "Лістапада" наракаў ужо былы старшыня аргкамітэту кінафэстывалю, народны артыст СССР Расьціслаў Янкоўскі. Маўляў, калі раней госьці задавольваліся кампэнсацыяй праезду, харчаваньня і пражываньня, то цяпер патрабуюць немалыя ганарары. Так, аднадзённая прысутнасьць італьянскай кінадзівы Арнэлы Муці абышлася бюджэту больш чым у 50 тысяч даляраў. Чым зацікавілі Эміра Кустурыцу матэрыяльна, пакуль невядома, але, калі ўлічыць майстар-кляс для студэнтаў Акадэміі мастацтваў і Ўнівэрсытэту культуры, то, пэўна, маштабы тут ня меншыя.

Аляксандар Лукашэнка, узнагароджваючы Кустурыцу прызам "За захаваньне і разьвіцьцё традыцый духоўнасьці ў кінамастацтве", акцэнтаваўся перадусім на тым, што сустрэў чалавека "аднолькавых маральных прынцыпаў":
гэта сустрэча з маім аднадумцам, бо па многіх-многіх пытаньнях нашы погляды абсалютна падобныя ...

"Я вельмі рады, што вы югаслаў. І засталіся югаславам. Гэта і маё асабістае, бо мяне называюць занадта савецкім. Але я ад гэтага не адмаўляюся, ува мне сапраўды шмат таго, што рабілі мы, нашы продкі ў савецкія часы. І многае мы рабілі з вамі разам. Таму гэта ня проста пратакольная і фармальная сустрэча, гэта сустрэча з маім аднадумцам, бо па многіх-многіх пытаньнях нашы погляды абсалютна падобныя. Дзякуй вам і будзьце такім, які вы ёсьць".

Эмір Кустурыца адказаў узаемнасьцю, заявіўшы, што яму падабаецца "арыгінальны стыль" кіраваньня Лукашэнкі — найперш за імкненьне захаваць незалежнасьць. Маўляў, Югаславія намагалася гэтага ж, але натаўскія бамбаваньні спынілі працэс пабудовы свабоднага грамадзтва:
Беларусь — адзіная краіна, якая дасягнула тут посьпеху ...

"Тэорыя тых, хто акупуе сёньня малыя краіны, заключаецца ў тым, што яны прыносяць новыя працоўныя месцы, але ўсе атрыманыя прыбыткі карпарацыі забіраюць сабе. Вы кіруеце такім чынам, каб атрыманыя прыбыткі заставаліся ў дзяржаве, людзям. Вы хочаце захаваць сваю незалежнасьць. За гэта трэба плаціць высокі кошт. Мы таксама хацелі гэтага, але нам перашкодзілі. Беларусь — адзіная краіна, якая дасягнула тут посьпеху. Я вельмі ўсьцешаны, што славянская дзяржава захоўвае сваю незалежнасьць і аўтаномію".

Як і Лукашэнка, Кустурыца прыхільна ставіцца да дзяржаўных мадэляў, якія прапагандуюць левыя ці нэасацыялістычныя ідэі. Пазалетась, падчас здымкаў дакумэнтальнага фільма пра славутага аргентынскага футбаліста Дыега Марадону, рэжысэр разам са сваім галоўным героем удзельнічаў у антыамэрыканскім мітынгу ў Буэнас-Айрэсе, дзе рэй вялі прэзыдэнты Вэнэсуэлы і Балівіі — Уга Чавэс і Эва Маралес. Аднак, як лічыць кінарэжысэр Валеры Панамароў, палітычным выказваньням Эміра Кустурыцы наўрад ці трэба надаваць вялікае значэньне:

"Справа ў тым, што ён жа не жыве ў Беларусі, а запрошаны як госьць фэстывалю. І ўся гэтая палітызацыя ідзе не зь ягонага боку. Яму прапанавалі прыехаць. Прапанова, канечне, паходзіла з нашага боку. Паколькі ўсе ўмовы прапануе бок, які прымае, то ўсё іншае яго аніяк не хвалюе — будзь гэта ў Беларусі, Расеі ці яшчэ дзесьці. Ягонае імя на слыху ня толькі ў Эўропе; па фільмах, па музыцы ўсе ў сьвеце ведаюць, хто такі Кустурыца. Многія гэта намагаюцца скарыстаць дзеля палітычных мэтаў. Так, ён сюды на дзень-два сваім самалётам прыляцеў, але адкуль ён ведае, што ў нас адбываецца, якія насамрэч ідуць працэсы? Наколькі я разумею, ён, як чалавек творчы, увесь час у думках пра новыя карціны, пра новыя праекты, а ўвесь гэты зьнешні антураж для яго — шалупіньне. Калі толькі дэманстрацыя нейкага жэсту добрай волі, правілаў прыстойнасьці".

Спэцыялісты ж перакананыя: камэрцыйны ці дабрачынны ўдзел усясьветных "зорак" у "Лістападзе" мала паўплывае на ход самога фэстывалю. Кінакрытык Ала Бабкова зьвяртае ўвагу на іншае: упершыню за шмат гадоў ад імпрэзы можна чакаць аб'ектыўнасьці. Па-першае, мінімізаваная магчымасьць фальсыфікацыяў, бо ў гледачоў забралі права вызначаць пераможцаў. Па-другое, месцы ў журы занялі прызнаныя прафэсіяналы:

"Журы галоўнага конкурсу ўзначальвае Шарунас Бартас. Гэта літоўскі рэжысэр, які вельмі добра вядомы ў Эўропе і ўваходзіць калі не ў дзясятку найлепшых рэжысэраў кантынэнту, то ў дваццатку — абсалютна дакладна. Таму, натуральна, канцэпцыя зьмянілася да лепшага, і цяпер нашмат аб'ектыўней будуць ацэньвацца ўсе конкурсныя праграмы. Што да ўзроўню фільмаў, то ён таксама крыху вышэйшы, хоць, шчыра кажучы, і раней на фэст адбіралі добрыя стужкі. На "Лістападзе", як правіла, фільмы добрыя, таму што яны ўжо пабывалі на розных форумах і на наш кінафэстываль трапілі перадусім тыя, што ўжо былі адзначаныя, узнагароджаныя. Таму стужкі звычайна і раней былі нядрэнныя, аднак не было вось гэтай новай канцэпцыі".

Разам з тым вядомы кінарэжысэр Валеры Рыбараў адзначае, што, нягледзячы на зьмястоўнасьць уласна фэстывалю, не выпадае казаць пра істотныя зрухі ў беларускім кінэматографе:
У нас няма карцін і пакуль што няма нават спадзяваньняў, таму што сцэнарны партфэль жахлівы ...

"Аб'ектыўна сытуацыя найцяжэйшая. У нас няма карцін і пакуль што няма нават спадзяваньняў, таму што сцэнарны партфэль жахлівы. А ўсё ж першасна менавіта літаратурная аснова павінна вызначаць матэрыял. Запускаюцца, як мы кажам, адпачатку другарадныя стужкі, "бракаваныя" сцэнары, якія раней мы называлі "кошыкавымі", то бок сьметнікавымі. Некалі быў рэдактар, у чый абавязак уваходзіла чытаць і адпісваць аўтарам, якія бесьперапынна дасылалі на кінастудыю свае сцэнары, непрафэсійныя. Пэўнага кшталту графаманства. І вось гэта мы называлі "сьметнікавымі сцэнарамі". На жаль, зараз студыя спусьцілася да такога ўзроўню, даючы ход такога кшталту матэрыялам. Ну што зь іх можа нарадзіцца?"

Застаецца нагадаць, што пераможцы і ляўрэаты кінафэстывалю "Лістапад-2010" будуць абвешчаныя ў бліжэйшую пятніцу.