Усясьветныя лідэры дасылаюць спачуваньні прэзыдэнту Аргентыны

Усясьветныя лідэры накіравалі спачуваньні прэзыдэнту Аргентыны Крыстыне Фернандэс дэ Кіршнэр у зьвязку з сьмерцю мужа, былога прэзыдэнта краіны Нестара Кіршнэра. Ён памёр у сераду раніцай ад інфаркту ў сваім доме ў горадзе Калафаце на поўдні Аргентыны.

Чакаецца, што на пахаваньне Кіршнэра прыедзе бальшыня лідэраў краінаў Лацінскай Амэрыкі і высокапастаўленыя прадстаўнікі ЗША і Эўразьвязу.

Нестар Кіршнэр быў прэзыдэнтам Аргентыны з 2003 да 2007 году. Ягонай галоўнай заслугай лічыцца стабілізацыя эканомікі краіны пасьля жорсткага крызысу на пачатку гэтага дзесяцігодзьдзя. Жонка Кіршнэра была абраная прэзыдэнтам пры ягонай актыўнай падтрымцы.