Цяпер іх стала 14…

Сяргей Рыжоў

Яшчэ адзін прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі, начальнік сэктару зьнешнеэканамічнай дзейнасьці ААТ "Віцебскі плодаагароднінны камбінат" Сяргей Рыжоў, заявіў аб спыненьні збору подпісаў і зьняцьці з выбарчай кампаніі. Пра гэта гаворыцца ў заяве Рыжова, распаўсюджанай 21 кастрычніка.

"Мая ініцыятыўная група, членам якой зьяўляюся і я, спыняе збор подпісаў, не набраўшы ўстаноўленай колькасьці для рэгістрацыі мяне ў якасьці кандыдата на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь", – піша Рыжоў.

Ён лічыць, што прычына гэтага ня толькі ў малалікасьці і маладасьведчанасьці яго ініцыятыўнай групы, але і ў адсутнасьці дастатковага фінансаваньня, а таксама ў "ціску з боку дзейнай улады":

"Прычына не толькі ў прэсінгу на насельніцтва чынавенствам прэзыдэнцкай "вэртыкалі", ціску асобных кіраўнікоў прадпрыемстваў і ўстаноў на сяброў сваіх калектываў. Прычына такога рашэньня не толькі ў імкненьні асобных сябраў ініцыятыўнай групы заваяваць у гэты пэрыяд сабе асабістую папулярнасьць і набыць нейкія льготы і «барышы»; ў спробах звонку, накіраваных на развал групы; ў спробах уцягваньня яе актыўных членаў у працэс змовы з прадстаўнікамі дзяржаўнага апарату і асобнымі палітычнымі партыямі", -- піша Рыжоў.

Ён лічыць таксама памылкай адсутнасьць адзінага кандыдата ў якасьці альтэрнатыўнай фігуры дзейнаму прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку:

"Я лічыў і працягваю лічыць, што разам з годнымі асобамі, сёньня ў перадвыбарнай кампаніі прымаюць удзел дзеячы, якія ўжо загадзя ведаюць адведзеную ім дзяржавай ролю".

Акрамя таго Рыжоў назваў "трагічнай памылкай" заклікі асобных палітычных лідэраў да вываду людзей на плошчу з наступнымі непрадказальнымі наступствамі як для грамадзян, гэтак і для ўсёй краіны ў цэлым.

Такім чынам, цяпер у выбарчай кампаніі ўдзельнічаюць 14 прэтэндэнтаў на прэзыдэнцтва ў Беларусі.

Раней аб спыненьні ўдзелу ў выбарах заявілі Сяргей Гайдукевіч і Пётар Барысаў. Апошні зьняўся на карысьць Віталя Рымашэўскага.