Шклоў: Актывіст БНФ Аляксандар Фёдараў — на волі

Аляксандар Фёдараў

Умоўна-датэрмінова вызваліць актывіста з папраўчай калёніі адкрытага тыпу № 49 пастанавіў Шклоўскі раённы суд яшчэ 11 кастрычніка. Аднак два дні пасьля вынясеньня пастановы Аляксандра Фёдарава працягвалі ўтрымліваць на «хіміі», як ён сьцьвярджае, незаконна.

Паводле яго, адміністрацыя папраўчай калёніі шукала падставы для вынясеньня яму папярэджаньня й скасаваньня пастановы суду.

Фёдараў: «Нехта спрабаваў умяшацца й не пусьціць мяне на волю. Ужо пасьля суду. За ўвесь час зьняволеньня ў мяне не было ніводнага парушэньня й нават заўваг, таму фармальных прычынаў мяне не адпускаць у суда й адміністрацыі папраўчай калёніі не было. Пад вялікім націскам, у тым ліку грамадзкасьці, я патрапіў выйсьці. Мяне папярэдзілі, што любая правіннасьць можа стаць для мяне фатальнай. То бок, любое адміністрацыйнае правапарушэньне цягне за сабой вяртаньне мяне назад у папраўчую калёнію адкрытага тыпу. Я ведаю, у міліцыі ёсьць такая практыка затрыманьня за тое, што я брыдкасловіў на сваёй лесьвічнай пляцоўцы. І гэтага дастаткова».

На «хімію» Аляксандра Фёдарава перавялі сёлета 25 студзеня. Да гэтага больш за паўтара года актывіст адбываў пакараньне ў магілёўскай калёніі № 15.

Аляксандра Фёдарава затрымалі 14 чэрвеня 2007 году. 1 красавіка 2008 году Шклоўскі раённы суд асудзіў яго на пяць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. Ён прызнаны вінаватым у злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі, прысабечваньні дзяржаўнай маёмасьці й нанясеньні дзяржаве шкоды ў памеры васямнаццаці мільёнаў рублёў. Сваёй віны Фёдараў не прызнаў. Ужо з калёніі ён пісаў скаргі, у якіх даводзіў сваю невінаватасьць.

Аляксандар Фёдараў — актыўны ўдзельнік выбарчых кампаніяў. У 2001 годзе, падчас прэзыдэнцкіх выбараў, яго арыштоўвалі на загад пракурора раёну.

Да зьняволеньня Аляксандар Фёдараў кіраваў трыма кацельнымі ў Шклове. Дзьве зь іх былі цэнтральнымі і лічыліся ўзорнымі. Яны ацяплялі важныя дзяржаўныя аб’екты — райвыканкам, пракуратуру, школы. Выяўленыя ў ходзе сьледзтва парушэньні Фёдараў аргумэнтаваў тым, што кацельныя недастаткова фінансаваліся, і ён быў вымушаны шукаць магчымасьцяў, каб падтрымліваць іх у працоўным стане.