Клінтан правяла перамовы з Сэрбіяй

Дзяржсакратарка ЗША Хілары Клінтан правяла сёньня ў Бялградзе сустрэчу з прэзыдэнтам Сэрбіі Борысам Тадзічам. Сустрэча адбылася больш, як праз 10 год пасьля таго, як авіяўдары НАТО па Бялградзе вымусілі сэрбскія ўлады вывесьці войскі з Косава. Клінтан зьбіраецца заклікаць Бялград хутчэй наладзіць дыялёг са сваёй былой правінцыяй.

Напярэдадні Клінтан заклікала ўсе этнічныя групы Босьніі і Герцагавіны працягваць палітычныя рэформы, патрэбныя для сяброўства ў Эўразьвязе і НАТА. У Сараеве Клінтан таксама сустрэлася з кіроўчым трыюмвіратам – трыма прэзыдэнтамі, якія прадстаўляюць тры этнічныя групы – сэрбаў, харватаў і мусульманаў. Дзяржсакратарка заклікала іх устрымацца ад сэпаратысцкіх памкненьняў.