Першы пікет па зборы подпісаў зьявіўся ў Віцебску толькі сёньня

Збор подпісаў за Андрэя Саньнікава.

Нягледзячы на тое, што віцебскі гарвыканкам падчас гэтай выбарчай кампаніі ўвогуле не прымаў адмысловага рашэньня пра забарону подпісаў у пэўных месцах, актывісты ініцыятыўных груп не сьпяшаюцца выкарыстаць магчымасьці масавага збору подпісаў на вуліцы.

На першых двух пікетах, якія зьявіліся сёньня ў падземным пераходзе каля плошчы Перамогі і на скрыжаваньні вуліцы Леніна і праспэкта Фрунзэ каля плошчы Свабоды, пачалі зьбіраць подпісы за Андрэя Саньнікава.

Паводле прыхільнікаў гэтага патэнцыйнага кандыдата, якія зьбіралі подпісы ў Віцебску, многія мінакі казалі, што чакалі пікетаў і ў падтрымку іншых прэтэндэнтаў. Аднак пакуль зьбіраньне подпісаў вядзецца пераважна па кватэрах ды інтэрнатах. Тыя зьбіральнікі, што ідуць «ад дзьвярэй да дзьвярэй», ужо распавядаюць пра розныя складаныя сытуацыі. Так, у інтэрнат віцебскага ўнівэрсытэту не пусьцілі Ніну Кавалёву, прыхільніцу патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева.

Яшчэ адна актывістка, Алена Фаміна, распавяла, што выбаршчыкі, да якіх заходзілі з прапановамі падпісацца за вылучэньне Мікалая Статкевіча і Дзьмітрыя Вуса, казалі пра забарону ставіць подпісы ў падтрымку іншых патэнцыйных кандыдатаў, апрача Аляксандра Лукашэнкі — у прыватнасьці, пра гэта гаварылі работнікі прадпрыемства «Белвест» і шэрагу мэдычных установаў горада.