Справу “фацінскага маньяка” накіравалі ў суд

Ля уваходу кожнага пад’езду дамоў на вуліцы Фаціна былі расклееныя абвесткі з прыкметамі дзьвюх жанчын, магчыма, забітых у гэтым раёне.

Пракуратура Магілёўскай вобласьці накіравала ў суд крымінальную справу супраць саракагадовага жыхара абласнога цэнтру Мікалая Цімашэнкі. Яго вінавацяць у забойстве дзьвюх жанчын. Фрагмэнты іхных целаў былі знойдзеныя сёлета 23 і 31 сакавіка ў раёне вуліцы Фаціна. Яму інкрымінуецца забойства, а таксама забойства, учыненае асобай, якая раней зьдзяйсьняла злачынства.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, цягам дасудовага сьледзтва падазраваны сваю віну прызнаў. Яму пагражае турэмнае зьняволеньне да пятнаццаці гадоў альбо сьмяротнае пакараньне.

Падсуднага затрымалі 16 красавіка. На ягонай кватэры знайшлі і прылады, якімі былі ўчыненыя забойствы. Як высьветліла сьледзтва, жанчын ён забіў пасьля расьпіцьця зь імі алькагольных напояў і сваркі. А целы расчляняў, каб схаваць сьляды забойстваў. Часткі целаў забітых выносіў у цэляфанавых пакунках і пакідаў у розных месцах на вуліцы Фаціна. Псыхалягічная экспэртыза ня выявіла ў падазраванага разумовых адхіленьняў.