Лукашэнка запрасіў расейскіх журналістаў

Аляксандар Лукашэнка

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка дасьць сёньня прэсавую канфэрэнцыю для прадстаўнікоў расейскіх рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі.

Прамая трансьляцыя канфэрэнцыі чакаецца па першай праграме Беларускага радыё а 12-й гадзіне.

Яны бяруць удзел у адмысловым прэс-туры для расейскіх мэдыяў на тэму "Актуальныя пытаньні інтэграцыі Беларусі і Расеі". Гэта самы вялікі "дэсант" расейскіх журналістаў (больш за сотню) у Беларусь за восем гадоў правядзеньня падобных мерапрыемстваў. Асноўным пунктам праграмы ёсьць прэс-канфэрэнцыя А.Лукашэнкі.

Расейскае Агенцтва палітычных навінаў са спасылкай на крыніцы ў адміністрацыі прэзыдэнта Расеі ў гэтым зьвязку паведаміла, што Крэмль "настойліва рэкамэндаваў" фэдэральным СМІ ўстрымацца ад "рэклямных тураў" па Беларусі.

Аналягічнай прэсавая канфэрэнцыя ў 2009 годзе цягнулася больш за 3,5 гадзіны. На ёй А.Лукашэнка казаў:

"Калі дзяржава, якой я кірую, ня мае высокага ўзроўню культуры, яна ня можа называць сябе цывілізаванай".

"Калі вы нас лічыце недаразьвітымі, які можа быць саюз?"

"Паўтары мільярды далі нашыя ворагі, якія нас люта ненавідзелі — Міжнародны валютны фонд".

"Нядаўна ў Завідава мне прэзыдэнт Расеі паказаў новы пісталет Ярыгіна. Цудоўная рэч: куды цэлісься, туды і трапляеш. Праз паўгода ён мне падарыў гэты пісталет з усімі дакумэнтамі".

"Я сказаў: у Беларусі крызісу няма. У тым сэнсе, што ня варта пра гэта балбатаць, трэба працаваць".

Аб прызнаньні Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі: "Дзіўна, вашы пытаньні падобныя да пытаньняў некаторых таварышаў з Расеі. Таму я спытаў: вас папрасілі задаць гэтыя пытаньні?

Вось Уладзімер Уладзімеравіч кажа: “Вы ведаеце, нехта прызнае — не прызнае гэтыя рэспублікі, для нас ня важна, мы не настойваем”. Я кажу: “Калі так, то чаго тады падціскаць мяне? Пэўна, усё ж ня так?

Я не хачу канкрэтызаваць — вельмі балючая тэма. Даўно трэба было гэта зрабіць, але ня мы ў гэтым вінаватыя".

"Уцямілі, нарэшце зразумелі, што дзяржаўная эканоміка павінна быць".

"Я — люты праціўнік ільготаў, я заўсёды кажу “Далоў ільготы”. Льготы — страшная справа".

"Касьянаў не прымаў гэтае рашэньне (адключэньне газу для Беларусі — рэд. РС) — ён праўду піша. Больш за тое, Касьянаў быў катэгарычна супраць такіх падыходаў. Не таму што ён так дужа любіць Беларусь. Гэта было рашэньне тагачаснага прэзыдэнта Расеі Пуціна. Я публічна пра гэта сказаў. І мяне пачалі дзяўбаць".

"І толькі ідыёт можа сказаць, што Лукашэнка павярнуў на Захад, яшчэ некуды там павярнуў і кінуў Расею".

"Не падабаюцца маршруты транспарціроўкі газу па Беларусі? Давайце ўбухаем туды да 25 мільярдаў і пабудуем Паўднёвы паток і Паўночны паток. Навошта? Навошта лезьці на гэтую Балтыку?"

"Наша Расейская імпэрыя таксама была не падарунак".


"У паловы беларусаў — расейская кроў".