На мяжы зь Літвой затрыманыя грузінскія нелегалы

Гарадзенскія памежнікі затрымалі пяць нелегалаў з Грузіі, а таксама арганізатара каналу нелегальнай міграцыі. Усе шасьцёра спрабавалі незаконна трапіць зь Беларусі ў Літву.

Як паведамілі ў прэсавым цэнтры Дзяржаўнага памежнага камітэту, затрыманьне адбылося ў некалькіх мэтрах ад беларуска-літоўскай мяжы ў раёне населенага пункту Чарнуха.

Паводле БелТА, раней нелегалы спрабавалі трапіць у Польшчу цягніком Берасьце — Тэрэспаль, аднак польскія памежнікі завярнулі іх назад. Тады яны зьвярнуліся па дапамогу да 48-гадовага жыхара Тбілісі, які прыкладна за паўтары тысячы даляраў паабяцаў ім дапамагчы трапіць у Літву.

Апошнія тры месяцы арганізатар каналу нелегальнай міграцыі жыў у Берасьці, але рэгулярна прыяжджаў у Горадню ў пошуках саўдзельнікаў ў незаконным бізнэсу. Неўзабаве супраць яго будзе распачатая крымінальная справа.