Гісторык, які адмаўляе Галакост, прывёз экскурсію ў лягер сьмерці

Скандальна вядомы брытанскі гісторык, які ў мінулым у Аўстрыі быў зьняволены за адмаўленьне Галакосту, прыбыў у Польшчу з 9-дзённым турам па мясьцінах, зьвязаных зь дзеяньнямі нямецкіх нацыстаў у Другой усясьветнай вайне. Брытанскія мэдыі паведамляюць, што Дэйвід Ірвінг будзе праводзіць экскурсію ў тым ліку і ў былым лягеры сьмерці Трэблінка ва ўсходняй Польшчы. Напярэдадні Ірвінг сказаў у інтэрвію брытанскай газэце Daily Mail, што тур, кошт якога складае 265 даляраў без уліку авіяквіткоў, быў настолькі папулярны, што ён нават адмаўляў ахвочым.

Польскія і брытанскія антырасісцкія групы заклікалі свае ўрады забараніць тур у Трэблінку, дзе болей як 800 000 чалавек, пераважна габрэяў, былі зьнішчаныя, а таксама і ў іншыя мясціны, зьвязаныя з Галакостам.