Запалохваюць, каб маўчалі

Алег Бебенін, Дзьмітрый Бандарэнка, акцыя ў падтрымку палітзьняволеных у Дзень гораду, 1998

На аўтараў артыкулаў, якія ставяць пад сумнеў афіцыйную вэрсію сьмерці заснавальніка сайту "Хартыя-97" Алега Бябеніна, пасыпаліся ананімныя пагрозы. Журналістам, якія аспрэчваюць магчымае самагубства, абяцаюць, што яны могуць стаць "наступнымі", могуць бясьсьледна зьнікнуць ці трапіць у аўтакатастрофу. Гэта, як лічаць атрымальнікі допісаў, толькі мацуе падазрэньні наконт абставінаў сьмерці Бябеніна.
Уласнае расьсьледаваньне гібелі свайго сябра Алега Бябеніна праводзіць журналіст, заснавальнік "Свабоднага тэатру" Мікалай Халезін. Днямі на сайце "Хартыі-97" быў апублікаваны ягоны артыкул "Нязручныя пытаньні", які выклікаў шырокі розгалас сярод чытачоў. Але ў камэнтарах да публікацыі нямала допісаў пагрозьлівага зьместу. У прыватнасьці, ананімы пішуць, што "занадта цікаўны" Халезін можа "проста зьнікнуць ціхім адвячоркам". Невядомыя пагражаюць яго зьбіць ці падстроіць аўтакатастрофу.

Амаль штодня пагрозы ў выглядзе камэнтароў ідуць на адрас рэдактаркі сайту "Хартыя-97" Натальлі Радзінай. Ананімы пішуць, што Бябенін быў першым журналістам сайту, якога забілі, на чарзе — астатнія. Спадарыня Радзіна кажа, што пагрозы былі і раней, але пасьля сьмерці Алега гэта стала тэндэнцыяй. Між тым Натальля Радзіна перакананая: спадзяваньні на тое, што ад падпольных "герояў" можна атрымаць дзяржаўную абарону, збольшага марныя:

Натальля Радзіна
"Зараз пытаньне на стадыі абмеркаваньня, але я ня думаю, што ў гэтым ёсьць вялікі сэнс. Калі пракуратура адмовілася пакараць вінаватых супрацоўнікаў міліцыі, якія мяне зьбілі, то што ўжо казаць пра пошукі ананімных камэнтатараў, якія мне пагражаюць? Вельмі цяжка нечага дамагчыся ў гэтай краіне. Натуральна, мы паведамляем у Беларускую асацыяцыю журналістаў, калі ўзьнікаюць праблемы. Але, зноў жа, што яны ў такой сытуацыі таксама могуць зрабіць?"

Яшчэ раней ананімны ліст з пагрозамі атрымала шэф-рэдактарка "Народнай волі" Сьвятлана Калінкіна. І таксама пасьля таго, як надрукавала ў газэце артыкул, дзе выклала свае вэрсіі сьмерці журналіста Алега Бябеніна.

Доктар юрыдычных навук, прафэсар Міхаіл Пастухоў перакананы, што журналістам, якія атрымліваюць ананімныя пагрозы, у такой сытуацыі трэба як мага гучней заяўляць пра праблему, патрабуючы ад дзяржаўных структураў адпаведнага расьсьледаваньня:

Міхаіл Пастухоў
"У нашай краіне таксама ёсьць сэнс патрабаваць справядлівасьці, бо любыя пагрозы павінны выклікаць дзеяньні з боку адпаведных структураў. Таму што пагроза, калі яна рэальная, можа ўрэшце пацягнуць за сабой і пэўныя наступствы. Прынамсі, практыка не аднойчы гэта пацьвярджала. Таму пра гэтыя факты трэба казаць уголас, зьвяртацца ў адпаведныя органы, найперш — у пракуратуру, у міліцыю. Няхай яны гэтыя факты фіксуюць і расьсьледуюць. Ва ўсялякім разе, гэта таксама інфармацыйная нагода для грамадзкасьці, людзі павінны ведаць, што адбываецца ў дзяржаве. Ёсьць сэнс нават правесьці прэс-канфэрэнцыю, каб публічна заявіць, што былі вось такія і такія пагрозы. Апрача таго, трэба зьвяртацца ў міжнародныя арганізацыі. І ўжо адпаведныя арганізацыі з гэтай нагоды павінны прыняць адпаведныя заявы".

У органах пракуратуры адмовіліся разважаць, ці магчыма выявіць асобаў, якія пагражаюць журналістам, бо ніякіх заяваў ад пацярпелых да іх не паступала.