Мілінкевіч вызначыцца пасьля абвяшчэньня даты выбараў

Аляксандар Мілінкевіч

Лідэр руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч вызначыцца са сваім удзелам у прэзыдэнцкай кампаніі пасьля абвяшчэньня даты выбараў. Пра гэта БелаПАН заявіў намесьнік старшыні руху Юрый Губарэвіч.
Паводле яго словаў, 8 верасьня адбылося пасяджэньне рады руху. У ім удзельнічалі 16 прадстаўнікоў арганізацыі з усіх рэгіёнаў Беларусі.

"Аляксандр Мілінкевіч у выступе адзначыў, што падчас прэзэнтацыі сваёй перадвыбарчай праграмы ў траўні гэтага года ён паставіў умовай свайго ўдзелу ў выбарах зьмены ў заканадаўства, якія гарантавалі б незалежным кандыдатам права на ўключэньне сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў. Гэтыя прапановы былі накіраваныя ў палату прадстаўнікоў, АБСЭ, Бюро па дэмакратыі і правах чалавека АБСЭ і Эўрапарлямэнт. Аднак з ключавога органа, здольнага прыняць рашэньне па гэтым пытаньні, -- беларускага парлямэнту, адказу пакуль няма ", -- адзначыў Губарэвіч.

У выніку радай прынятае рашэньне вызначыцца з удзелам Аляксандра Мілінкевіча ў выбарах у якасьці прэтэндэнта ў прэзыдэнты пасьля афіцыйнага прызначэньня даты выбараў.

"Сытуацыя ў Беларусі зьмяняецца кожную хвіліну, і ў залежнасьці ад зьмены сытуацыі мы будзем вырашаць, ці мэтазгодна Мілінкевічу ісьці ў прэзыдэнты ці гэтага рабіць не варта. Сёньня мы аналізуем любыя варыянты разьвіцьця падзей, аж да скасаваньня выбараў", -- сказаў Губарэвіч.

Тым не менш, паводле ягоных словаў, рух "За Свабоду" будзе весьці перамовы з "нацыянальна адказнымі сіламі" аб сумесных дзеяньнях падчас выбарчай кампаніі. "Гэта тычыцца вылучэньня назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі і вылучэньня сваіх людзей у склад выбарчых камісыяў", -- заявіў Губарэвіч.

Варта адзначыць, што ў пасяджэнні рады руху "За Свабоду" прымаў удзел яшчэ адзін прэтэндэнт у прэзыдэнты - Рыгор Кастусёў, які мае намер балятавацца ад Партыі БНФ. Як патлумачыў Губарэвіч, Кастусёў зьяўляецца сябрам рады руху "За Свабоду".