Беларусь не атрымае доступу ў трубаправод "Адэса-Броды"

Нафтаправод Адэса-Броды

Украіна хутчэй за ўсё не пагодзіцца на замову Беларусі запоўніць вэнэсуэльскай нафтай трубапровад "Адэса-Броды".

Кіеўскі экспэрт у энэргетычных пытаньнях Міхаіл Ганчар ў інтэрвію ВВС заявіў, што ўкраінская ўлада ня пойдзе на тое, каб з-за транзыту нафты трубаправодам у Беларусь абвастрыць адносіны з Расеяй:

"Я глыбока сумняюся ў гэтым. На жаль, таму што па-сутнасьці, як мы разумеем, закупка вэнэсуэльскай нафты нараджае негатыўную рэакцыю ў Расеі, якая бачыць у гэтым тое, што Беларусь вызваляецца ад рычага залежнасьці з расейскага боку. І таму, калі Украіна ў гэтым кантэксьце будзе спрыяць беларускаму боку, то аўтаматычна яна падвяргаецца пэўным праблемам з Расеяй. І цяперашняя ўлада ва Ўкраіне, мне здаецца, не гатова будзе ісьці на тое, каб абвастрыць адносіны з Расеяй. Мне здаецца, што гэта адна з прычын, чаму беларусы так актыўна працуюць зараз з балтыйскімі партамі".
Закупка вэнэсуэльскай нафты нараджае негатыўную рэакцыю ў Расеі, якая бачыць у гэтым тое, што Беларусь вызваляецца ад рычага залежнасьці з расейскага боку


Міхаіл Ганчар нагадаў, што варыянт пастаўкі нафты для патрэб Беларусі з выкарыстаньнем ўкраінскай нафтатранспартнай сыстэмы і менавіта нафтаправода "Адэса-Броды" быў апрацаваны на замову беларускага боку яшчэ ў 1995 годзе.

Зараз нафтаправод "Адэса-Броды" працуе ў рэвэрсным кірунку і перапампоўвае расейскую нафту. Беларусь спадзяецца да 2012 году павялічыць аб'ём паставак нафты з Вэнэсуэлы да 10 мільёнаў тон і задзейнічаць пры гэтым для транзыту ўкраінскі трубаправод "Адэса-Броды".