Абама сустрэўся з ізраільскім і палестынскім лідэрамі

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама сустрэўся ў Белым Доме з прэм’ер-міністрам Ізраілю Беньямінам Нетаньяху і кіраўніком Палестынскай аўтаноміі Махмудам Абасам. Увечары ў Белым доме адбудзецца сумесная вячэра Абамы, ізраільскага і палестынскага лідэраў, а таксама прэзыдэнта Ягіпту Хасьні Мубарака і караля Ярданіі Абдулы Другога.

Сустрэчы адбываюцца напярэдадні аднаўленьня наўпроставых перамоваў у справе міру паміж Ізраілем і пелестынцамі. Заўтра Нетаньяху і Абас правядуць двухбаковую сустрэчу ў Дзярждэпартамэнце ЗША.

Напярэдадні на Заходнім беразе Ярдану у выніку абстрэлу былі забітыя чацьвёра ізраільцянаў. Адказнасьць узяло на сябе баявое крыло палестынскай групоўкі ХАМАС. Улады Палестынскай аўтаноміі асудзілі абстрэл, ацаніўшы яго як спробу сарваць мірныя перамовы.