Марыя Шарапава: “Уражаньні ад Беларусі перапаўняюць і цяпер”

Марыя Шарапава ў Чачэрску

Пра гэта экс-першая ракетка сьвету Марыя Шарапава заявіла напярэдадні адкрыцьця чэмпіянату ЗША US Open-2010, які стартаваў у Нью-Ёрку.

З Марыяй Шарапавай, пераможцай US Open-2006, зьвязаныя галоўныя надзеі расейскай зборнай у гэтым прэстыжным чэмпіянаце.

У інтэрвію “Советскому спорту” Шарапава адзначае, што нават праз два месяцы пасьля таго, як яна наведала радзіму бацькоў і дзядоў (канец чэрвеня — пачатак ліпеня), беларускія ўражаньні не пакідаюць яе і застаюцца вельмі яркімі:

«Уражаньні да гэтага часу настолькі перапаўняюць, што сярод іх цяжка вылучыць нейкае адно... Ну, уявіце сабе, я ж не была там надзвычай даўно. Апошні раз езьдзіла, калі мне было 10-12 гадоў. І вось праз такі час ізноў убачыла бабулю. Гэта, вядома, выдатна. Таксама я патрапіла пракантраляваць мае дабрачынныя праекты. Гэта неперадавальнае адчуваньне: раптам убачыць, як тое, што табой задумвалася, з посьпехам ажыцьцяўляецца за шмат-шмат міляў ад цябе ».

У Беларусі пасол добрай волі Праграмы разьвіцьця ААН Марыя Шарапава фінансава падтрымлівае мэдычныя й адукацыйныя дабрачынныя праекты.

Празь Белдзяржунівэрсытэт й Акадэмію мастацтваў Марыя ахвяравала 210 тысяч даляраў на іменныя стыпэндыі 12 таленавітым студэнтам — выхадцам з заражаных радыяцыяй беларускіх паселішчаў.

У Брагінскім раёне Фонд Марыі Шарапавай прафінансаваў набыцьцё музычных інструмэнтаў і абсталяваньня для чатырох музычных школаў.

У Чачэрску ў цэнтры дзіцячай творчасьці на сродкі тэнісісткі адкрыты экалягічны гурток са свойскімі жывёламі, а ў раённым шпіталі — абсталяваны пакой псыхалягічнай рэабілітацыі пад назваю «Казка».

Народжаная ў Сібіры ў сям’і чарнобыльскіх перасяленцаў спартовая зорка лічыць радзіму сваіх бацькоў Гомельшчыну сваёй уласнай радзімай. Яна перакананая, што ўсьлед за сацыяльнымі праектамі яна будзе ладзіць на Бацькаўшчыне спартовыя праекты.