Беларускі правапіс мяняецца, праблемы застаюцца

Зь 1 верасьня ўступае ў дзеяньне "Закон аб правілах беларускай артаграфіі і пунктуацыі". Новую рэдакцыю правілаў беларускай мовы рыхтавалі амаль 20 гадоў, а закон прынялі 2 гады таму. Чыноўнікі абяцаюць, што ад гэтага мова толькі выйграе. Экспэрты, лінгвісты зьвяртаюць увагу на праблемы і выказваюць сумнеў адносна своечасовасьці прыняцьця закона і ягонай карыснасьці для мовы.

Да зьменаў у артаграфіі быў час падрыхтавацца: выпушчаныя слоўнікі, дапаможнікі, падручнікі, сотні настаўнікаў і мэтадыстаў прайшлі перападрыхтоўку. Газэты і часопісы павінны перайсьці на новы правапіс зь верасьня, а вось школьнікаў і студэнтаў крыху пашкадуюць. Дарадца міністра адукацыі, прафэсар Віктар Іўчанкаў тлумачыць:
Закладзены мараторый ня толькі на ЦТ на выкарыстаньне гэтых зьменаў, але нават і на школьную практыку, на студэнцкую практыку.

"Прадугледжаныя вось такія моманты, што ў цэнтралізаванае тэставаньне пытаньні, дзе былі ўнесеныя зьмены, ня будуць уключаныя. Абвешчаны гэтым плянам трохгадовы пераходны пэрыяд зь верасьня 2010 па жнівень 2013-га. Такім чынам накладзены мараторый ня толькі на ЦТ на выкарыстаньне гэтых зьменаў, але нават і на школьную практыку, на студэнцкую практыку. Калі ў дыктанце будзе дапушчана памылка менавіта на правіла, якое было зьменена, яна ня будзе ўлічвацца. Гэта і выпускных клясаў датычыць, і творчых працаў пры паступленьні, да прыкладу, на журфак".

Па-новаму трэба пісаць, да прыкладу, "лідар", "камп'ютар", выканкам (да гэтага на наркамаўцы пісалі "лідэр", "камп'ютэр", "выканком". Шмат зьменаў тычыцца запазычаных словаў. Рэгулюецца напісаньне назваў органаў улады, прадпрыемстваў, установаў, а таксама пасадаў, званьняў, тытулаў. Да прыкладу, Бог, Гасподзь, Прэзыдэнт цяпер трэба пісаць зь вялікай літары. Але сыстэмы ў зьменах няма, перакананы лінгвіст Зьміцер Саўка:

Зьміцер Саўка
"Сутнасьць прапановаў давалі спрэчная. Там ёсьць станоўчыя моманты, але больш адмоўных. Сукупнасьць гэтых прапановаў фактычна можна было б назваць выпадкова выцягнутай са стосаў прапановаў пачатку 1990-х гадоў. Ёсьць, умоўна кажучы, 500 прапановаў, і хтосьці наўгад, выпадкова выцягвае 20 — лепшых, горшых, сэнсоўных, проста бессэнсоўных і нават шкодных. Вы можаце бачыць у напісаньні "Токіа" — праз "а", але ў той жа час "Сэрхіё" — празь "ё". Гэта абсалютна эклектычны дакумэнт: маса несупадзеньняў, маса супярэчнасьцяў.
Сукупнасьць гэтых прапановаў фактычна можна было б назваць выпадкова выцягнутай са стосаў прапановаў пачатку 1990-х гадоў.

Спадар Саўка прывёў дзесяткі прыкладаў са слоўнікаў, якія выдадзеныя сёлета ўжо быццам бы па новых правілах артаграфіі, у якіх ёсьць несупадзеньні, супярэчнасьці з гэтымі новымі правіламі.

А вось на думку дарадцы міністра адукацыі Віктара Іўчанкава, беларуская артаграфія спрасьцілася:

"Пісьмовая мова набліжаная да фанэтыкі, да фанэтычных законаў. Напрыклад, закон "аканьня". Канцавыя "эль" і "эр" пераходзяць у "аль" і "ар" — закон "аканьня". Ліквідаваныя старыя выключэньні, якія тычыліся словаў неславянскага паходжаньня Токіо, Ватэрлоо, Медэо — запраз будуць пісаць Токіа, Ватэрлоа, Медэа. Выклікалі шмат пытаньняў выключэньні з "ў". Але калі мы пішам "на ўроку" і "ва ўнівэрсытэце", то па фанэтычнай пазыцыі тут аднолькавая сытуацыя, хоць гэта слова і запазычанае. Гэта ліквідавана. Таму прасьцей будзе артаграфія".
Артаграфія — гэта момант стабільнасьці, момант поўнай кансэрвацыі. Тады толькі трэба мяняць артаграфію, калі іначай ужо немагчыма, калі яна рэальна замінае камунікацыі.

На думку мовазнаўцы Зьмітра Саўкі, цяпер ня час наагул праводзіць зьмены:

"Вы пачытайце прадмову да закону! Там ясна і выразна напісана: "Час мяняецца, і ўвесь час мусіць мяняцца артаграфія" Так не павінна быць. Артаграфія — гэта якраз момант стабільнасьці, момант поўнай кансэрвацыі. Тады толькі трэба мяняць артаграфію, калі іначай ужо немагчыма, калі яна рэальна замінае камунікацыі. А там у самой прадмове на ўзроўні філязофіі закладаецца, што мы будзем правілы мяняць ледзьве ня кожны год! Маўляў, новыя працэсы ў мове ідуць, мы будзем іх у мове адлюстроўваць! Гэта не правапіс будзе, гэта лятарэя, гэта множаньне энтрапіі, гэта хаос".

На думку многіх экспэртаў, у краіне, дзе няма ніводнага цалкам беларускамоўнага тэлеканалу ці радыёстанцыі, дзе няма нацыянальнага ўнівэрсытэту з выкладаньнем выключна на роднай мове, лічаныя чыноўнікі публічна размаўляюць па-беларуску, а моўная палітыка накіраваная на звужэньне карыстаньня беларускай мовай у публічнай прасторы, гэтыя праблемы не вырашаюцца правапіснымі рэформамі.