На Гомельшчыне крадуць кукурузу для расейцаў

Супрацоўнікі Жыткавіцкай раённай міліцыі затрымалі падчас выезду з поля, якое належыць акцыянэрнаму таварыству “Тураўшчына”, нагружаны кукурузай мікрааўтобус. У салёне было каля 3 тон кіяхоў.

Падзея адбылася на мінулым тыдні і атрымала працяг.

Высьветлілася, што 20-гадовы жыхар Тураву наняў пяцёх вяскоўцаў з бліжэйшых паселішчаў, каб яны за 25 тысяч рублёў наламалі кукурузных кіяхоў і расфасавалі іх у адмысловыя торбы.

Інфармацыя была далёка няпоўнай. Стала вядома, што пагоня за кукурузнымі злодзеямі вялася па вуліцах Тураву, з воклічамі праз узмацняльнікі гуку і стральбой па мікрааўтобусу.

У выніку адзін са злодзеяў быў паранены. Куля прабіла кузаў мікрааўтобуса і параніла чалавека ў нагу. Пасьля затрыманьня параненаму выклікалі машыну хуткай мэдычнай дапамогі.

Раённая пракуратура ўстанавіла, што ў дзеяньнях страляўшага міліцыянта няма складу злачынства.

Супраць кукурузных злодзеяў узбуджана крымінальная справа за крадзеж. Кіяхі цукровай кукурузы яны везьлі на Берасьцейшчыну, дзе іх расейцы купляюць па вялікім кошце.