Актывісты перадалі подпісы за рэфармаваньне войска

Іван Шыла і Франак Вячорка.

Былыя палітпрызыўнікі Іван Шыла і Францішак Вячорка перадалі ў Міністэрства абароны Беларусі больш за паўтары тысячы подпісаў з патрабаваньнем рэфармаваньня войска.
Сустрэча адбылася 12 жніўня ў пакоі для прыёму гасьцей Міністэрства абароны. У ёй удзельнічаў намесьнік начальніка галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўленьня Валеры Цісьленка і іншыя прадстаўнікі міністэрства. Чыноўнікі адразу ж папрасілі Ф. Вячорку пакінуць памяшканьне і пагадзіліся размаўляць толькі з І. Шылам.

Моладзевы актывіст распавёў ім аб мэтах і задачах кампаніі "Наша армія", а таксама перадаў сабраныя подпісы ў падтрымку рэфармаваньня Ўзброеных сілаў.

"Нічога канкрэтнага ад іх я не пачуў. Яны далі зразумець, што нічога не вырашаюць", -- сказаў БелаПАН па выніках сустрэчы Іван Шыла. Ён падкрэсьліў, што кампанія "Наша армія" будзе працягвацца да таго часу, "пакуль не дасьць канкрэтных практычных вынікаў".