Кадыраў адмаўляецца ад прэзыдэнцкай пасады

Прэзыдэнт Чачні Рамзан Кадыраў прапанаваў зьмяніць афіцыйную назву пасады кіраўніка рэспублікі, паколькі, на яго думку, "у Расеі толькі адзін дзяржаўны дзеяч мае права звацца прэзыдэнтам". З гэтай прапановай чачэнскі прэзыдэнт зьвярнущся да парлямэнту рэспублікі перад тым, як сысьці ў адпачынак.

Кадыраў таксама нагадаў, што ён зь "першых дзён адмовіўся ад ідэі падпісаньня пагадненьня паміж фэдэральным цэнтрам і Чачэнскай рэспублікай аб разьдзяленьні паўнамоцтваў".

Пасада прэзыдэнта зьявілася ў Чачэнскай рэспубліцы ў 2003 годзе. Першым яе прэзыдэнтам стаў бацька Рамзана Кадырава Ахмад Кадыраў. Другім прэзыдэнтам пасьля сьмерці Кадырава стаў Алу Алханаў, а ў 2007 годзе гэтую пасаду заняў Рамзан Кадыраў.

Акрамя Чачні ачольнік суб'екта фэдэрацыі РФ завецца прэзыдэнтам у Карачаева-Чаркесіі, Кабардзіна-Балкарыі, Інгушэціі, Адыгеі, Башкірыі, Бураціі, Татарстане, і Дагестане.

Зь 2004 году па ініцыятыве тагачаснага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна ачольнікі выканаўчай улады ўсіх суб'ектаў фэдэрацыі прызначаюцца рэгіянальнымі заканадаўчымі органамі, але толькі з прапановы прэзыдэнта РФ.