Кастусёў разьлічвае толькі на беларускія грошы

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў заявіў, што ягоная агітацыйная кампанія будзе весьціся без прыцягненьня замежных сродкаў.
Паводле Р.Кастусёва, гэтым кампанія кандыдата ад Партыі БНФ будзе адрозьнівацца ад кампаніяў усіх іншых прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы.

"Фінансаваньне палітычнай кампаніі за замежныя грошы несумяшчальнае з інтарэсамі беларускага народу. Мы не шукаем замежных "палітычных інвэстыцыяў", каб ня страціць самастойнасьць у сваёй дзейнасьці. Мая кампанія на ўсіх стадыях будзе весьціся выключна за айчынныя сродкі, толькі за кошт беларускіх крыніцаў фінансаваньня. Гэта будзе на 100% беларуская кампанія", — адзначыў прэтэндэнт ад Партыі БНФ.

"Лукашэнка ліхаманкава шукае грошы на выкананьне сваіх перадвыбарчых пражэктаў у Эўропе і Вэнэсуэле, некалькі апазыцыйных кандыдатаў ужо знайшлі сабе фінансавае апірышча ў Расеі. Я буду абапірацца толькі на беларускія рэсурсы — на працу партыйных актывістаў, на ахвяраваньні беларускіх бізнэсоўцаў, на самаадданую валянтэрскую дапамогу ўсіх, каму дарагія нацыянальныя каштоўнасьці і сапраўдная незалежнасьць нашай Бацькаўшчыны. Я сьцьвярджаю: нельга браць расейскія грошы — і пры гэтым заставацца беларускім палітыкам", — падкрэсьліў Рыгор Кастусёў.

Камэнтуючы заяву Р.Кастусёва, кіраўнік яго штабу, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначыў:

"У сёньняшніх палітычных умовах нацыянальным сілам ня толькі магчыма, але і неабходна абаперціся на ўнутрыбеларускія рэсурсы. Натуральна, гэта катэгарычна ня будуць сродкі, зьвязаныя зь цяперашнім антыбеларускім рэжымам. Толькі такім чынам мы здолеем захаваць сьцяг нацыянальнага Адраджэньня і незалежніцкія прынцыпы. Незалежнасьць нашай кампаніі ад замежнага фінансаваньня будзе найлепшым сьведчаньнем скіраванасьці яе на адстойваньне нацыянальных інтарэсаў на прэзыдэнцкіх выбарах, якія маюць быць прызначаныя неўзабаве. Разьлічваем на прыцягненьне сродкаў як прадпрымальнікаў, так і шырокага кола выбаршчыкаў — перадвыбарчая кампанія Рыгора Кастусёва павінная стаць насамрэч народным чынам", — адзначыў Аляксей Янукевіч.