На ўсходзе – зарыва пажараў

Расейскі міністар надзвычайных сытуацыяў Сяргей Шайгу заявіў, што пажары ў Бранскай вобласьці палаюць недалёка ад мяжы зь Беларусьсю і Ўкраінай, якія былі заражаныя радыяцыяй пасьля катастрофы на Чарнобыльскай атамнай станцыі ў 1986 годзе. Перанос пажараў на гэтыя тэрыторыі можа выклікаць выкід радыяцыі ў атмасфэру.

Асабліва непакояцца у суседнім з Браншчынай Добрускім раёне. Тут стаіць небывалая суша. За мінулыя летнія месяцы ў раёне не было хоць крыху адчувальных ападкаў. Ад сьпёкі на корані гіне прыкладна чвэрць пасеянай кукурузы.

У Добрускім раёне, як і на ўсёй тэрыторыі Гомельшчыны, службы надзвычайных сытуацыяў і лясной аховы перайшлі на кругласуткавы рэжым дзяжурства. Паўсюль забаронена наведваць лясы. За іх станам назіраюць з дапамогай гелікоптэраў і 13 вэб-камэраў, якія ўсталяваныя ў лясных масівах на вышках апэратараў сотавай сувязі. Вока вэб-камэры дазваляе ў рэжыме рэальнага часу весьці назіраньне ўкругавую на 50 кілямэтраў.
Калі ўзровень гама-фону на месцы пажару быў, напрыклад, тысяча мікрарэнтген на гадзіну, то фон можа падвысіцца ў 2—3 разы


За мінулыя суткі ў шасьці раёнах Гомелю адзначаліся толькі лякальныя загараньні тарфянікаў ды кустоўя, у тым ліку ў Добрускім, Веткаўскім, Хойніцкім раёнах, якія найбольш заражаныя радыяцыяй. Ачаговыя загараньні, паводле афіцыйных зьвестак, апэратыўна ліквідаваныя.

Адзін з былых супрацоўнікаў Прыпяцкага радыяцыйна-экалягічнага запаведніку, які ўтвораны на заражаных радыяцыях землях Брагінскага, Хойніцкага й Нараўлянскага раёнаў, апавёў, што пры пажарах радыенукліды сапраўды могуць разносіцца на вялікія тэрыторыі:

"Пры загараньні лесу радыенукліды цэзію й стронцыю, якія засталіся на асабліва заражаных участках, разносяцца праз паветра з улікам аэрагеннага фактару. Пры высокай хуткасьці ветру яны разносяцца на вялікую адлегласьць. Потым гэтыя заражаныя часьцінкі з дажджом асядаюць на зямлю, і яна ўжо робіцца забруджанай".

Паводле навукоўца, пасьля пажараў узровень радыяцыі можа істотна падвышацца:

"Калі ўзровень гама-фону на месцы пажару быў, напрыклад, тысяча мікрарэнтген на гадзіну, то фон можа падвысіцца ў 2—3 разы. Пры ўзроўнях 50—70 мікрарэнтген падвышэньне неістотнае. Найбольш ярка выяўленая "пляма" ці "пік", калі браць карэляцыю крывых, будзе, вядома, там, дзе быў высокі ўзровень забруджваньня да пажару".