Сяргей Ханеня не атрымае ад “Народнай Волі” 95 мільёнаў рублёў

Сяргей Ханеня

Касацыйная скарга прарэктара Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Менскім гарадзкім судом адхілена. Ранейшы судовы вэрдыкт аб адмове яму ў пазове да “Народнай Волі” зацьверджаны.

Як падае сайт “Народнай Волі” , раней прарэктар Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Сяргей Ханеня накіраваў скаргу ў Ленінскі раённы суд Менску. Ён прасіў спагнаць з рэдакцыі газэты на яго карысьць 95 мільёнаў 500 тысяч рублёў. Хоць газэта і апэратыўна паведаміла чытачам, што ў публікацыі, у якой сярод іншых прыгадваецца і прозьвішча С.Ханені, размова ішла не пра яго гадавы заробак, а пра яго гадавы даход.

Каб пацьвердзіць, што рэдакцыя гатова давесьці ўдакладненую інфармацыю да кожнага яго патэнцыйнага выбаршчыка (у гэты час ён балятаваўся кандыдатам у дэпутаты гарадзкога Савету), С.Ханеню было прапанавана ўключыць журналістаў “Народнай Волі” ў агітацыйную суполку. Ад такой прапановы ён адмовіўся, пры гэтым палічыў недастатковым прабачэньне газэты са сваіх старонак.

Суд першай інстанцыі вынес рашэньне – цалкам адмовіць С.Ханеню ў яго патрабаваньнях да “Народнай Волі”. Ханеня не пагадзіўся з такім вэрдыктам: у касацыйнай скарзе ён прасіў Менскі гарадзкі суд адмяніць рашэньне суду Ленінскага раёну Менску цалкам і накіраваць справу на новы разгляд.

Аднак правасудзьдзе і на гэты раз вырашыла, што недакладнасьць, якая выпадкова зьявілася ў газэтным матэрыяле і якая была тэрмінова выпраўлена, не прыніжае яго гонар і годнасьць.

Рашэньне раённага суду зацьверджана. Таму Сяргей Ханеня не атрымае 95 мільёнаў 500 тысяч рублёў ад “Народнай Волі”.