Мікалай Лукашэнка запаліў вогнішча

Аляксандар Лукашэнка разам з сынам Міколам, архіўнае фота

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка разам з малодшым сынам Мікалаем наведвае нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтар "Зубраня", паведамляе Інтэрфакс.

Паводле А.Лукашэнкі, у краіне "дастаткова створана для дзяцей, каб яны маглі выехаць адпачыць, у лесе пабываць". Таксама ён адзначыў, што "трэба разьвіваць іншыя лягеры і цэнтры, але не павялічваць грашовай нагрузкі на бюджэт".

Каля 10% тых, хто адпачывае ў "Зубраняці", — дзеці зь іншых краін. Лягер аказвае 25 відаў паслуг, што дазваляе яму толькі на 40% фінансавацца зь бюджэту.

А.Лукашэнка лічыць мэтазгодным разгледзець магчымасьць таго, каб даваць месцы ў беларускіх дзіцячых лягерах замежнікам, якія будуць аплачваць 100% кошту пуцёўкі.

"Але ня трэба перабіраць, гэта ж дзеці", — сказаў кіраўнік краіны.

Кіраўнік Беларусі ўзяў удзел у цырымоніі адкрыцьця вайскова-спартовай гульні "Патрыёт", якая праводзіцца разам з КДБ.

А.Лукашэнка разам з сынам Мікалаем паўдзельнічаў у некаторых эпізодах гульні, а потым наведаў паходную кухню. Пасьля гэтага Мікалай Лукашэнка запаліў так званае "Вогнішча дружбы".

Дзеці пацікавіліся ў Лукашэнкі, якія ён сьпяваў песьні, калі быў піянэрважатым. Потым А.Лукашэнка падпяваў дзецям, што выканалі папуры зь піянэрскіх песень.

Потым кіраўніку краіны паднесьлі падарунак, які дзеці зрабілі сваімі рукамі.