Мэтэазалежнасьць

Абсалютна незразумела, як чалавецтва, гісторыя якога налічвае ўжо колькі тысячагодзьдзяў, здолела дажыць да такога паважнага ўзросту – зь ягонымі вечнымі нараканьнямі і незадаволенасьцю ўсім на сьвеце.

Вось дай чалавеку свабоду – ён адразу пачынае марыць пра “жалезную руку” ці пальчаткі з вожыка, забяры тую свабоду – заенчыць пра ўціск і аўтарытарызм. Апынуўшыся ў космасе, ён будзе са сьлязьмі на вачах мэлянхалічна напяваць пад нос старажытны гіт “Зямля ў ілюмінатары відна…”. Паспрабуй легалізаваць прастытуцыю – ён закрычыць пра зьнішчэньне маралі, забарані гэтую прафэсію – ён жа першы ўпотай пабяжыць у бардэль. З такой капрызнай бабай, як чалавецтва, доўга не пражывеш, ад такіх сыходзяць на сьвітанку з маленькім чамаданам, такім падсыпаюць тоўчанае шкло ў ёгурт, з такімі разводзяцца, такіх душаць спрасоньня. Зімой ім хочацца сьпёкі, летам – сьнегу, дождж ім занадта мокры, і на кожным кроку на іх валіцца атмасфэрны слуп. Тым ня менш пакуль што нас церпяць, сусьвет яшчэ трывае і мы разам ляцім да крамлёўскіх зор.
З такой капрызнай бабай, як чалавецтва, доўга не пражывеш...


Нехта даволі слушна заўважыў, што чалавек больш залежыць ад надвор’я, чым ад палітыкі і курсу валютаў. Почасту менавіта мэтэаадчувальнасьць, залежнасьць ад клімату фармуюць чалавечае ўспрыманьне рэчаіснасьці – праўда, толькі на дадзены момант, на сёньня; заўтрашнім днём ніхто жыць не жадае, бо ўсе мы жывем тут і цяпер, на кончыку свайго носа, які так чула рэагуе на зьмяненьне тэмпэратуры паветра. Калі сёньня добрае надвор’е, то чхаць мы хацелі на сваё і на вашае заўтра. Нават апошні раб, што пакутуе ад непасільнае працы і бяспраўя, задумаецца цудоўнай летняй раніцай у вольную хвілінку: “А можа, усё ня так дрэнна? Птушкі пяюць, сонейка грэе, неба вунь якое блакітнае... Гаспадарская дачка бяз станіка загарае... Гэх, добра жыць на белым сьвеце!”

Ёсьць меркаваньне, што менавіта надвор’е і клімат прадвызначаюць нацыянальны тэмпэрамэнт чалавека. Маўляў, скандынавы і балты такія стрыманыя, маўклівыя і да анэкдатычнага спакойныя, бо жывуць у холадзе і рэдка бачаць сонца. Напэўна, аўтарамі гэтай тэорыі былі жыхары поўдня, упэўненыя, што ў халодным клімаце чалавек проста абавязаны знаходзіцца ў стане пэрманэнтнай дэпрэсіі. Тое, што палітыка ўплывае на чалавека больш за надвор’е, ускосна пацьвярджаецца і статыстыкай: у дэмакратычных і заможных, але халодных і нясонечных паўночных краінах чамусьці высокі ўзровень самагубстваў. На менш разьвітым, а часам проста бедным поўдні вельмі любяць падкрэсьліваць гэтую сувязь паміж ультрафіялетам і суіцыдам.

Joseph Maclise. Surgical Anatomy. 1859.

Разьвіваючы такія сумнеўныя тэорыі, можна прыйсьці да цікавых высноваў. У пошуках недасяжнага сонца і цеплыні няшчасныя паўночныя народы часта аддаюць сябе пад уладу чарнявых і жвавых прадстаўнікоў поўдня – нібы падсьвядома кампэнсуючы недахоп ультрафіялету і тэмпэрамэнту. Атыла, Чынгісхан, Вільгельм Заваёўнік, Філіп Другі... Халодная Расея абрала сабе (а заадно і паняволеным ёй народам) у куміры грузіна Джугашвілі, дый нават Нямеччына нацысцкіх часоў таксама падтрымала чалавека, можна сказаць, з поўдня, аўстрыйца Гітлера. Сярэдняя кляса любой больш-менш паўночнай краіны, як беларуская студэнтка-калгасьніца, жыве ў палоне даўняга стэрэатыпу пра надзвычайную сэксуальнасьць паўднёвых жыхароў і зь лёгкасьцю дае ім сябе ачараваць.
Беларусь – не імпэрыя, бегчы няма куды...


Адна з найлепшых парадаў, якія доктар можа даць мэтэаадчувальнаму чалавеку – зьмена месца жыхарства, пазытыўны эфэкт якога ня толькі ў зьмены асяродзьдзя, але і ў зьмене клімату. Каляніяльным дзяржавам, імпэрыям мінулага, было што прапанаваць сваім падданым – турпуцёўкі былі на любы густ. Як правіла, іхныя сталіцы былі не найлепшымі месцамі для жыцьця. “Если выпало в империи родиться, лучше жить в провинции, у моря…” – гэтыя радкі можна зразумець яшчэ і як мару мэтэазалежнага. Ангельцы беглі ад лёнданскага туману, “у Маскву больш не ездакі” сяліліся на Каўказе – выключна ў санаторна-лячэбных мэтах займаючыся вынішчэньнем тамтэйшага насельніцтва. У XIX стагодзьдзі клімат і надвор’е Нью-Ёрку падаваліся невыноснымі О’Генры, які нават тэрмін прыдумаў: “нью-ёрскі мэтэанэўроз”. Менск на гэтым фоне выглядае ня менш гіблым месцам, асабліва ўлетку, калі ён проста плавіцца разам з усім сваім начыньнем, жыхарамі і гасьцямі сталіцы, жыцьцярадаснымі маскоўскімі дачнікамі. Беларусь – не імпэрыя, бегчы няма куды, хіба на лецішча ці ў вёску.

П’ер-Агюст Кот. Навальніца. 1880

Па статыстыцы, 30 – 40 адсоткаў насельніцтва кожнай разьвітай краіны пакутуе на мэтэазалежнасьць, і пераважная іхная большасьць жыве ў гарадах. Гарадзкое паветра горш іянізуецца, дажджавая вада не зьнікае ў зямлі, а выпараецца – таму гараджанам значна складаней пераносіць капрызы надвор’я. Гарадзкі чалавек, замкнуўшы сябе пад нябачным каўпаком, выпаў з прыроднага рытму, таму кожны рэзкі скачок надвор’я аддаецца ў ягонай галаве болем, а ў ягоных костках – ныцьцём. Як авечка перад бурай, носіцца ён напярэдадні зьмены надвор’я па вуліцах і плошчах ім жа пабудаванага монстра, жаласьліва блеючы і часам блюючы на урбаністычныя помнікі. Гэта ў найлепшым выпадку, а ў найгоршым вэгетасудзінная дыстанія, астэнічны сындром, абвастрэньне хранічных хваробаў, інфаркт. У кішэні гараджаніна – максымальны ў краіне заробак, у галаве – пуста, у страўніку – смачна і хутка, а на сьпінцы ягонай соннай артэрыі пагойдваюцца малюпасенькія валаскі-антэнкі, прадчуваючы зьмену атмасфэрнага ціску, прадвяшчаючы, што неўзабаве воды нябесныя абдымуць яго да душы ягонай… Аслабленыя горадам арганізмы любая нестабільнасьць надвор’я лёгка выбівае з каляіны.

Асабліва пакутуюць ад мэтэаадчувальнасці пажылыя людзі. Цікава, што нядаўна адна беларуская газэта з рысункамі правяла апытаньне сярод літаратараў: як і над чым ім працуецца падчас нечуванай летняй сьпёкі. Высьветлілася, што чым маладзейшы быў літаратар, тым актыўней яму працавалася ў тым пекле. Найстарэйшы з апытаных літаратараў працаваць у такіх умовах ужо ня мог, ён перачытваў клясыкаў. Быў і такі адказ: літаратура – ня сельская гаспадарка, каб залежаць ад прыродных цыкляў, з чым я цалкам згодны. Літаратар працуе заўсёды, незалежна ад надвор’я, ён ня мае выходных ці адпачынку. Прыгадваецца герой Булгакава, які ў такую самую сьпёку пісаў свой тэатральны раман голы, загарнуўшыся ў мокрую прасьціну.
Мэтэаадчувальнасьць уласьцівая тонкім натурам...


Калісьці Гётэ стварыў цэлы трактат, прысьвечаны залежнасьці ад надвор’я. Між іншым, ён адзначыў (маючы на ўвазе, пэўне ж, найперш сябе), што мэтэаадчувальнасьць уласьцівая тонкім натурам. То бок так званым творчым людзям... Сапраўды, нават у адной толькі беларускай літаратуры зь лішкам хапае вершаў, напісаных мэтэазалежнымі. Аўтары самых вядомых зь іх – Купала і Колас: матывы блізкай перамены надвор’я, чаканьня сонца або буры сустракаюцца амаль у кожным іхным паэтычным творы (“К яснаму сонцу зь цьмы, зь беспрасьвецьця...”, “Загаманіце віхрам, бурай!”, “Нібы сонейка праз хмары, сьвет к нам не прарвецца...”, “Неба сьцеле шаты на дарогу сонцу...”, “Устань, устань, маё ты сонейка...”, “Усю Беларусь убачыць у ясным, як сонца, сьвятле...”, “Ціха зь неба сонца гляне, ачуняе старана”, “Я буду маліцца да яснага сонейка...”). Але ж песьняры стараліся трымацца:

“Не бядуй, што зьвісьлі хмары…”
“Не бядуй, што сьнег халодны…”

Кожны народ выдумляе сабе сваю Вялікую Літаратуру. Без мэтэазалежнасьці не было б той Вялікай Беларускай літаратуры, якую калісьці выдумалі ў нас.

І ўсё ж ніводзін участковы доктар ня дасьць мэтэазалежнаму бальнічнага, нават паэту, бо арганізм пацыента пры гэтым звонку выглядае здаровым. Калі ў такія крытычныя дні няма куды ўцячы, мэдыкі рэкамэндуюць мэтэазалежным зьнізіць сваю актыўнасьць да мінімуму, пастарацца стварыць дома спрыяльны мікраклімат. Завесіць фіранкі, заклеіць вокны, выключыць тэлевізар, забарыкадаваць дзьверы, не адказваць на званкі, выдаліць акаўнт на “Аднаклясьніках”, апаражніць страўнік, змыць ва ўнітаз ключы, патушыць сьвятло, уключыць газ, легчы на сьпіну, скласьці на грудзёх рукі, заплюшчыць вочы, слухаць, як гудзіць сонная артэрыя, ні пра што ня думаць.