Сьвята беларускай незалежнасьці ў цэнтры Віцебску

Віктарына па творчасьці Ўладзімера Някляева

Пасьля таго, як гарадзкія ўлады не далі дазволу правесьці мерапрыемства ў парку культуры і адпачынку імя Савецкай Арміі, дэмакратычная грамадзкасьць сабралася адзначыць ўгодкі беларускай незалежнасьці ў самым цэнтры Віцебску.

На імпрэзу, якая не была санкцыянаванай, каля фантана ў парку імя Фрунзэ сабралася каля чатырох дзясяткаў актывістаў.

Пасьля кароткай уступнай прамовы старшыні філіі Партыі БНФ Кастуся Смолікава актывісткі кампаніі “Гавары праўду” правялі віктарыну па творчасьці Ўладзімера Някляева і арганізавалі сьпеўны конкурс.

Акампанаваў на гітары вядомы бард Георгі Станкевіч, які пасьля выканаў зь дзясятак уласных песень.

За імпрэзай з-за кустоў назіралі спэцназаўцы. Яшчэ чатыры хлопцы ў цывільным сачылі за падзеямі, уладкаваўшыся на лаўках побач з актывістамі.

Падпалкоўнік Андрэй Іваноў з Кастрычніцкага РАУС некалькі разоў папярэджваў прысутных, каб не ператваралі сяброўскую сустрэчу ў палітычны мітынг. І ўрэшце забараніў надзімаць балёнікі зь лягатыпам кампаніі “Гавары праўду!”.

Сьпеўны конкурс

Надзьмуць балёнікі прысутным забараніў падпалкоўнік Андрэй Іваноў

Сьпявае бард Георгі Станкевіч

Прызы ад кампаніі “Гавары праўду!”