Лукашэнка пахваліў кампанію "Riko"

Аляксандар Лукашэнка

Беларусь гатова супрацоўнічаць са славенскай кампаніяй "Riko" "па любым праекце на камэрцыйнай, рынкавай аснове".

Пра гэта заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з кіраўніцтвам гэтай кампаніі.

Ён адзначыў, што славенская кампанія накіравала "больш чым канкрэтны" ліст, у якім выклала свае прапановы па супрацоўніцтве зь Беларусьсю.

"Мяне зацікавілі ўсе пункты вашых прапановаў, і мы гатовы па ўсіх пунктах працаваць".

Паводле А.Лукашэнкі, больш чым за дзесяцігадовы тэрмін працы ў Беларусі кампанія "Riko" зарэкамэндавала сябе надзейным і прыстойным партнэрам. Пры яе непасрэдным удзеле "мы працуем у сфэры дрэваапрацоўкі, пераабсталёўваем нашы прадпрыемствы, флягманы нашага станка і машынабудаваньня". Таксама кампанія інвэстуе ў сацыяльную сфэру ў Беларусі.

"Мы ведаем якасьць вашай працы, застаецца толькі цана".

Маўляў, калі цана, якую прапануе "Riko" будзе больш выгаднай для Беларусі параўнальна з канкурэнтамі славенскай кампаніі, то Беларусь "пойдзе на вашы прапановы". У гэтым выпадку, усе неабходныя рашэньні будуць прынятыя ў кароткі тэрмін. Беларусь мае інтарэс да праектаў у сфэры экалёгіі, энэргетыкі, інфраструктуры.

"Мяне вельмі зацікавіла прапанова па сумесным экспарце ў трэція краіны", — адзначыў кіраўнік Беларусі.