"Акавіта" зьявіцца ў сеціве цягам некалькіх гадзінаў

Фёдар Караленка

Служба тэхнічнай падтрымкі парталу "Акавіта" сканчае аднаўленчыя працы. Кіраўнік праекту Фёдар Караленка паведаміў, што сайт пачне працаваць неўзабаве.

Партал зьнік зь сеціва раніцай 8 ліпеня. Праз адключэньне сілкаваньня ў дата-цэнтры "Акавіты" пашкоджаная база дадзеных памерам больш як 100 гігабайт.

На галоўнай старонцы "Акавіты" можна прачытаць паведамленьне:

"У сувязі з адключэньнем сілкаваньня ў дата-цэнтры прадпрыемствам Белтэлекам часткова пашкоджаная база дадзеных. Вядуцца аднаўленчыя працы. Прабачаемся за нязручнасьці...

PS: Калектыў "Акавіты" выказвае глыбокае шкадаваньне, што Белтэлекам, выконваючы ролю галоўнага сайтаразьмяшчальніка краіны, ня бачыць розьніцы паміж энэргазабесьпячэньнем дата-цэнтру і бульбасховішча (маўляў, ноччу ня горача, бульба і не сапсуецца). Дзіўнае мерапрыемства пад назовам "плянавае адключэньне электрычнасьці ў дата-цэнтры" (на чвэрць сутак!) ярка характарызуе стаўленьне да беларускага інтэрнэту і IT-індустрыі ў цэлым".


Караленка кажа, што яго як уладальніка сайту, які месьціцца на сэрвэрных магутнасьцях Белтэлекаму, ніхто не папярэджваў, што адлучаць электрычнасьць, а "такія сэрвісы, як "Акавіта", наагул ня могуць прастойваць".

На афіцыйным сайце "Белтэлекаму" інфармацыі пра адключэньне сілкаваньня ў дата-цэнтры ў разьдзеле "Навіны" няма.

"Яны разумеюць, з чым працуюць, што за гэтым стаіць", — абураецца дзеяньнямі Белтэлекаму Караленка. — "Гэта традыцыйны падыход да выкананьня сваіх абавязкаў. Гэта абсалютны нонсэнс у сьвеце — адключэньне сілкаваньня ў дата-цэнтры. Карыстальнік не павінен гэтага заўважыць, што вядуцца нейкія працы. А яны вырашылі, што так зрабіць прасьцей".

Уладальнік "Акавіты" ня зьвязвае адлучэньня сілкаваньня ў дата-цэнтры Белтэлекаму з новымі правіламі рэгуляваньня інтэрнэту, якія пачалі дзейнічаць у Беларусі ад 1 ліпеня.

"А зараз сытуацыя, калі ўсе пераедуць на беларускую пляцоўку… Белтэлекам ня можа забясьпечыць нармальны сэрвіс. Гэта значыць, у выпадку аварыі ўсе беларускія рэсурсы могуць зьнікнуць зь сеціва", — адзначае кіраўнік парталу "Акавіта" Фёдар Караленка.