Расея палохае мытам на газ

Паводле газэты "Ведомости", Расея вырашыла падстрахавацца на выпадак, калі б Беларусь не выконвала дамоўленасьцяў па Мытным саюзе з Расеяй і Казахстанам.

Паводле неназванага супрацоўніка апарату расейскага ўраду, віцэ-прэм’ер Ігар Сечын прапанаваў увесьці мытную стаўку 30% на экспарт газу ў Беларусь (цяпер гэтая стаўка нулявая).

Паводле газэты, такая мытная стаўка ўжо фігуруе ў дакумэнтах Міністэрства фінансаў Расеі. Расейцы спадзяюцца, што ўвядзеньне гэтай стаўкі магло б прынесьці іхнай дзяржаўнай казьне 40 мільярдаў рублёў (1,3 мільярда даляраў) на працягу 2011-2013 гг. Дзьмітрый Пяскоў, прэс-сакратар прэм’ер-міністра Расеі Ўладзіміра Пуціна, сказаў газэце, што мыта на газ можа быць уведзенае, калі Беларусь адмовіцца выконваць дамоўленасьці Мытнага саюзу.