Дэлегацыя Эўракамісіі на чале з дырэктарам дэпартамэнту мераў гандлёвай абароны Генэральнага дырэктарату па зьнешнім гандлі Штэфанам Дэпіпэрам прыбыла зь візытам у Менск.
Візыт працягнецца да 2 ліпеня, паведамляе прэс-служба беларускага МЗС.
Асноўнай мэтай візыту стане пачатак прызнаньня Эўразьвязам рынкавага статусу беларускай эканомікі згодна з дамоўленасьцямі, дасягнутымі падчас візыту ў Менск намесьніка гендырэктара Генэральнага дырэктарату Эўракамісіі па зьнешнім гандлі Петэра Балаша ў студзені 2010 году.
"Прызнаньне рынкавага статусу беларускай эканомікі мае вялікае значэньне пры правядзеньні ЭЗ антыдэмпінгавых расьсьледаваньняў адносна беларускай прадукцыі, бо гарантуе аб'ектыўную ацэнку нармальнага кошту тавараў, вырабленых у Беларусі", — адзначылі ў МЗС Беларусі.
Па выніках візыту плянуецца ўзгадніць плян дзеяньняў у перамоўным працэсе аб гэтым пытаньні.