Хто стане прэзыдэнтам Польшчы?

Браніслаў Камароўскі (першы зьлева) завяршае кампанію, порбач зь ім маці, жонка, прэм'ер Дональд Туск

У Польшчы сёньня адбываецца галасаваньне ў першым туры датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў. Права голасу маюць крыху болей чым 30 мільёнаў палякаў і могуць галасаваць у адным з болей чым 25 000 выбарчых участкаў.
Яраслаў Качыньскі ў апошні дзень кампаніі сустракаўся з экспэртамі па газу

У суботу, а таксама ў нядзелю паводле польскіх законаў забараняецца ўсялякая агітацыя і наступае час гэтак званай “выбарчай цішыні”. Паводле Дзяржаўнай выбарчай камісіі Польшчы у суботу ў краіне былі зафіксаваныя некалькі парушэньняў выбарчай цішыні – прадстаўнікі некаторых кандыдатаў працягвалі распаўсюджваць агітацыйныя улёткі ды плякаты. Згаданыя выпадкі, аднак, не адаб’юцца на хадзе галасаваньня – сур’ёзных парушэньняў закону пакуль няма.

У выбарчым бюлетэні 10 кандыдатаў, аднак рэальны шанец увайсьці ў другі тур маюць толькі двое – в.а прэзыдэнта краіны, спікер Сэйму Браніслаў Камароўскі (ад кіроўнай лібэральнай партыі Грамадзянская плятформа) ды Яраслаў Качыньскі ¬- былы прэм’ер, брат трагічна загінулага прэзыдэнта Леха Качыньскга ды лідэр буйнейшай апазыцыйнай партыі кансэрватыўнага накірунку “Права і справядлівасьць”.

Розныя перадвыбарчыя дасьледаваньні давалі Браніславу Камароўскаму ад 42 да 51% галасоў, і калі браць пад увагу найбольш аптымістычны для яго паказьнік, дык магчымая перамога і ў першым туры. Адмыслоўцы, аднак, пераважна лічаць, што патрэбны будзе другі тур, у якім змагацца будуць Камароўскі і Качыньскі.

Паводле апытаньняў, Качыньскага падтрымлівае ў сярэднім кожны трэці паляк.

Акрамя Качыньскга і Камароўскага балятуюцца яшчэ 7 чалавек, але яны шансаў на перамогу ня маюць. Для двух галоўных кандыдатаў, аднак, будуць важныя галасы іншых, перадусім кандыдата ад Левых сілаў Гжэгажа Наперальскага, які мог бы заклікаць каля 10% палякаў, якія дэкляруюць яму падтрымку, галасаваць, прыкладам, за Браніслава Камароўскага.

Беларусы Беласточчыны у большасьці традыцыйна больш ахвотна падтрымліваюць левыя сілы, а ў другім туры, калі кандыдат ад левых адпадзе, хутчэй за ўсё прагаласуюць перадусім за кандыдата ад “Права і справядлівасьці”.

У Польшч паводле Канстытуцыі прэзыдэнт мае абавязак перадусім прадстаўляць краіну на міжнароднай арэне, мае права вета, якое, аднак можа адкінуць Сэйм, а таксама валодае правам уносіць на разгляд свае праекты законаў.

Выбарчыя ўчасткі зачыняюцца а 21 гадзіне паводле беларускага часу. Праз некалькі хвілінаў ўжо будуць вядомыя першыя вынікі экзіт-полаў.