“Газпрам” зноў папярэджвае пра абмежаваньне паставак газу

Офіс «Газпраму» ў Маскве


У сераду ААТ «Газпрам» чарговы раз накіраваў лісты гэнэральнаму дырэктару ААТ «Белтрансгаз» Уладзімеру Маёраву і першаму намесьніку прэм’ер-міністра Беларусі Ўладзімеру Сямашку. У іх нагадана, што ў 2010 годзе «Белтрансгаз» сыстэматычна парушае ўмовы кантракту ад 31 сьнежня 2006 году. Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік «Газпраму» Сяргей Купрыянаў. Паводле яго, у лістах «Газпрам» прапаноўвае прыняць вычарпальныя меры па ліквідацыі запазычанасьці да 21 чэрвеня. У адваротным выпадку «Газпрам» будзе вымушаны выкарыстаць сваё права ўвесьці абмежаваньні на пастаўку газу ў Беларусь у адпаведнасьці з пунктам 6.4 кантракту.

«У адпаведнасьці з умовамі кантракту ў нас ёсьць усе падставы скараціць аб’ём паставак газу ў Беларусь прапарцыянальна запазычанасьці», — заявіў кіраўнік праўленьня «Газпраму» Аляксей Мілер. Ён таксама падкрэсьліў, што на адрас беларускіх калег «Газпрамам» было накіравана два афіцыйныя лісты. «Мы не атрымалі адказу па сутнасьці, калі запазычанасьць будзе ліквідаваная», — падкрэсьліў Мілер.

Паводле Белстату, запазычанасьць «Белтранзгазу» перад «Газпрамам» складае 133 мільёны даляраў. Паводле зьвестак «Газпраму» — 192 мільёны даляраў, паведамляе Interfax.