Прысуд пінскаму актывісту руху “За свабоду”

30 базавых велічыняў, або мільён пяцьдзясят тысяч рублёў штрафу прысудзіў пінскі судзьдзя Іван Корац актывісту руху «За свабоду» Аляксандру Рамановічу. Справа за выраб і распаўсюд нелегальнай друкаванай прадукцыі бярэ свой пачатак яшчэ з красавіка.
Сёньня ў Пінску судзілі сябра руху «За свабоду» Аляксандра Рамановіча. Напярэдадні актывісту тэлефанавалі зь міліцыі і паведамілі пра тое, што ён павінен быць прымусова дастаўлены на судовае паседжаньне. Позву яму так і ня выпісалі. Судзілі Аляксандра Рамановіча паводле артыкула 22.9, часткі другой Адміністрацыйнага кодэксу — за выраб і распаўсюд друкаванай прадукцыі.

Сябра руху «За свабоду» кажа, што міліцыянты, даючы паказаньні ў судзе, засьведчылі, што друкаваныя матэрыялы былі канфіскаваныя яшчэ першага красавіка. Такім чынам, гэтая справа павінна была даўно скончыцца, бо сышоў тэрмін даўнасьці. Аляксандар Рамановіч настойваў на гэтым:

«Міліцыянты самі заблыталіся і пацьвердзілі, што парушэньне, якое яны мне закідвалі, адбылося яшчэ першага красавіка. Пасьля двух месяцаў справу не павінны разглядаць, я падчас суду настойваў на гэтым».

Актывіст зь Пінску — адзін з заяўнікаў на рэгістрацыю праваабарончага цэнтру «Вясна» ў Берасьцейскім аблвыканкаме. Берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Вялічкін зьвязвае вынесены яму прысуд з будучай прэзыдэнцкай выбарчай кампаніяй:

«Улады баяцца і рыхтуюцца да прэзыдэнцкіх выбараў. Таму намагаюцца магчымымі шляхамі даць зразумець актыўным грамадзянам, што ня варта прымаць удзел у палітычнай кампаніі. Таму гэта прыклад ціску на актыўных грамадзян з актыўнай пазыцыяй у Беларусі».

Судовае паседжаньне па справе пінскага актывіста першапачаткова павінна было прайсьці яшчэ 14 чэрвеня. Яго перанесьлі пасьля таго, як з адным са сьведак здарыўся эпілептычны прыпадак.