Іранскі “Зялёны рух” уганаравалі за дзейнасьць для дэмакратыі

Амэрыканская няўрадавая арганізацыя “National Endowment for Democracy” (Нацыянальны фонд дэмакратыі) прысудзіла штогадовую ўзнагароду за разьвіцьцё дэмакратыі іранскаму апазыцыйнаму “Зялёнаму руху”.

Сэнатар-рэспубліканец Джон Маккейн, аб’яўляючы аб рашэньні ў сядзібе арганізацыі ў Вашынгтоне, заявіў, што дзейнасьць гэтага руху дае надзею на будучы трыюмф дэмакратыі ў Іране.

“Зялёны рух” прыхільнікаў былога кандыдата ў прэзыдэнты Ірану Мірхусэйна Мусаві быў створаны ў ходзе леташніх масавых пратэстаў апазыцыі супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, згодна зь якімі перамог Махмуд Ахмадзінэжад.

Сёньня стала вядома, што ірацкая апазыцыя адмовілася ад намеру правесьці дэманстрацыю пратэсту 12 чэрвеня – на ўгодкі выбараў – асьцерагаючыся жорсткай рэакцыі ўладаў.