ЗША выдзеляць палестынцам дапамогу на 400 млн даляраў

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама заявіў, што Вашынгтон дасьць цывільнаму жыхарству Палестынскай аўтаноміі дапамогу ў памеры 400 мільёнаў даляраў.

Сустракаючыся ў Белым доме з кіраўніком Палестынскай аўтаноміі Махмудам Абасам, Абама назваў сытуацыю ў паласе Газы непрымальнай. Амэрыканскі прэзыдэнт заклікаў Ізраіль да супрацы з усімі бакамі з мэтаю знайсьці вырашэньне праблемы Газы. Абама далучыўся да заклікаў на адрас Ізраілю прыняць умовы ААН і даць згоду на ўдзел міжнародных прадстаўнікоў у расьсьледаваньні нядаўняга інцыдэнту ля берагоў Газы.

31 траўня “Флятылія свабоды” спрабавала прарваць марскую блякаду Ізраілем Паласы Газы. У выніку сутыкненьняў з ізраільскімі вайскоўцамі былі забітыя 9 прапалестынскіх актывістаў, бальшыня зь іх – турэцкія грамадзяне.