Барыса Хамайду пакараюць " за загрувашчваньне вуліцы"

Барыс Хамайда

Апазыцыянэра затрымалі каля дома № 28 па вуліцы Леніна, дзе ён распаўсюджваў недзяржаўную прэсу. Яго завезьлі ў пастарунак і склалі пратакол паводле часткі 1 артыкула 21.14 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях.
Спадар Хамайда распавёў, што ўчастковы міліцыянт, які яго затрымліваў, пералічыў усе выданьні, якія былі ў распаўсюдніка — асобнікі газэты "Наша Ніва", часопіса "ARCHE", кнігі Ўладзімера Падгола і выданьні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ.

Спачатку супрацоўнікі Чыгуначнага РАУС зьбіраліся скласьці на распаўсюдніка пратакол за незаконны гандаль, аднак у іх не было сьведкаў. Тады зьявіўся пратакол пра тое, што актывіст загрувашчвае вуліцу Леніна сваім складным столікам, на якім ляжаць выданьні, а таксама бел-чырвона-белым парасонам.

Барыс Хамайда атрымае позву ад раённай адміністрацыйнай камісіі, якая мусіць разгледзець міліцэйскі пратакол. Паводле апазыцыянэра, такія інцыдэнты ўжо былі: камісія зазвычай накладала на яго штраф памерам дзьве базавыя велічыні — 70 тысяч рублёў. Сам ён на пасяджэньні ў райвыканкам прынцыпова ня ходзіць. І пакідаць месца каля так званага "сіняга дома", дзе ён распаўсюджвае незалежную прэсу ўжо цягам некалькіх гадоў, актывіст таксама не зьбіраецца.