Дачыненьні Беларусі з Эўразьвязам абмяркуюць у Брусэлі

Пэрспэктывы разьвіцьця дачыненьняў Беларусі з Эўразьвязам, уключаючы ініцыятыву “Ўсходняе партнэрства”, з улікам старшынёўства Бэльгіі ў ЭЗ у другой палове 2010 году, будуць абмяркоўвацца 1-2 чэрвеня ў Брусэлі.
Як падае “Интерфакс-Запад”, там пройдзе чарговы раўнд беларуска-бэльгійскіх кансультацый на ўзроўні МЗС.

"У ходзе кансультацый бакі мяркуюць абмеркаваць шырокае кола пытаньняў двухбаковага ўзаемадзеяньня – палітычны дыялёг, гандлёва-эканамічнае і інвэстыцыйнае супрацоўніцтва, узаемадзеяньне ў галіне культуры, адукацыі, удасканаленьне дагаворна-прававой базы", – адзначаецца ў паведамленьні МЗС Беларусі.

Беларускую дэлегацыю на кансультацыях узначаліць начальнік галоўнай управы Эўропы МЗС Аляксей Скрыпко, бельгійскую – генэральны дырэктар генэральнай дырэкцыі двухбаковых дачыненьняў МЗС Бэльгіі Геерт Мэйл.

У рамках знаходжаньня ў Брусэлі плянуецца правядзеньне сустрэч у працоўных органах Эўразьвязу – Радзе ЭЗ, Эўракамісіі, Эўрапарлямэнце.