МВФ яшчэ можа даць крэдыт да выбараў

Крыс Джарвіс

Пытаньне адносна новых крэдытаў МВФ для Беларусі перанесенае на восень. Пра гэта заявіў на прэс-канфэрэнцыі Крыс Джарвіс, кіраўнік місіі МВФ, якая завяршыла працу ў Менску. Экспэрты МВФ правялі сустрэчы ва ўрадзе, Нацбанку і прэзыдэнцкай адміністрацыі.
Крыс Джарвіс назваў "канструктыўнымі" перамовы зь беларускімі ўладамі і Нацбанкам. Супрацоўніцтва можа працягвацца ў форме дыскусій па макраэканамічных пытаньнях альбо ў выглядзе новай праграмы паміж МВФ і Беларусьсю. Абодва бакі хочуць пабачыць, як будзе разьвівацца сытуацыя ў краіне цягам найбліжэйшых месяцаў. На пачатку восені місія МВФ плянуе вярнуцца ў Менск для новай ацэнкі і сумесна з уладамі вырашыць, ці мае Беларусь патрэбу ў чарговай праграме МВФ. "Калі ўрад і Нацбанк выкажуць зацікаўленасьць, то МВФ будзе гатовы прадставіць такую падтрымку і распрацаваць новую праграму, якая ўключае прадуманыя меры эканамічнай палітыкі, якія трэба рэалізаваць",— адзначыў спадар Джарвіс.

Адно з пытаньняў, якім займалася гэтая місія, была ацэнка эканамічнай сытуацыі ў Беларусі.
выклікае занепакоенасьць хуткі рост крэдыту, а таксама некаторыя заявы адносна падвышэньня ўзроўню заробкаў ...

"У нас выклікае некаторую занепакоенасьць хуткі рост крэдыту цягам апошняга часу, а таксама некаторыя заявы адносна падвышэньня ўзроўню заробкаў. Мы лічым, што падвышэньне заробкаў павінна грунтавацца на падвышэньні прадукцыйнасьці працы. Для падтрыманьня стабільнасьці, як і раней, неабходная жорсткая палітыка адносна бюджэту і заробкаў".

Паводле экспэртаў МВФ, тэмпы росту ў Беларусі павінны быць устойлівымі і грунтавацца на павышэньні прадукцыйнасьці працы. А для гэтага неабходныя структурныя рэформы.

"Павышэньня тэмпаў эканамічнага росту нельга дасягнуць толькі павелічэньнем тэмпаў крэдытаваньня. Інакш узьнікне ціск на плацёжны балянс і на рэзэрвы. А празьмернае павелічэньне крэдыту і пазыкаў можа прывесьці да росту зьнешняга доўгу да эканамічна непрымальнага ўзроўню".

Спадар Джарвіс адзначыў, што па міжнародных стандартах узровень доўгу Беларусі застаецца ўсё яшчэ даволі нізкім, і гэта вялікая перавага Беларусі ў цяперашняй міжнароднай эканамічнай сытуацыі.

Экспэрты МВФ рэкамэндавалі ўраду як мага хутчэй выканаць абавязаньні, узятыя на сябе згодна зь першай праграмай "stand-by".

Кіраўнік аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леанід Заіка адзначыў, што крэдыт МВФ узьнік у выніку тармажэньня паставак расейскай нафты.

Леанід Заіка
"Мы зараблялі 3—4 мільярды на таннай расейскай нафце. Сёлета ўжо не пастаўляем нафту ў Польшчу, у Нямеччыну. Гэта ў квартал па 40—50 мільёнаў даляраў. То бок Расея нам перакрыла выгадную зьдзелку з нафтай і нафтапрадуктамі, і мы сталі браць грошы ў МВФ. То бок Крэмль быў для нас такім бясплатным валютным фондам. А цяпер грошы трэба пазычаць і аддаваць з працэнтамі. Адзін мэцэнат грошы ня даў, пайшлі прасіць у іншага ў доўг, а аддаваць будзе не Лукашэнка, а беларускі народ. Нам трэба зьменшыць заробкі на 20—25%, а мы іх зьбіраемся павышаць да 500 даляраў. Такая папулісцкая палітыка дае дрэнныя вынікі".

Паводле спадара Заікі, крэдыт МВФ пайшоў на падтрымку абменнага курсу рубля і таму згарэў. А ўзровень даўгоў Беларусі дасягнуў амаль паловы валавога ўнутранага прадукту. Таму МВФ будзе вельмі асьцярожна ставіцца да таго, ці даваць зноў грошы афіцыйнаму Менску.