У Менску памёр латвійскі дэпутат

Дэпутат Латвійскага сэйму ад сацыялістычнай партыі Аляксандар Голубаў памёр сёньня ў Менску, дзе знаходзіўся з рабочым візытам, паведамляе агенцтва LETA.

Дэпутат быў знойдзены сёньня раніцай у нумары менскага гатэлю. Нейкія падрабязнасьці яго сьмерці пакуль не вядомыя.

Паводле латвійскіх СМІ, гэта навіна стала вялікім шокам для калегаў дэпутата, якія разам зь ім прыбылі ў Менск. Бо раней Голубаў ніколі ня скардзіўся на праблемы са здароўем.

Як паведамілі прадстаўнікі парлямэнцкай дэлегацыі Латвіі, учора Голубаў узяў удзел у некалькіх працоўных сустрэчах. Разам з усімі вярнуўся ўвечары ў гатэль і пайшоў спаць. У сувязі з сумнай падзеяй парлямэнцкая дэлегацыя спыніла свой візыт у Беларусь.

У Голубава засталіся бацькі, жонка і двое сыноў. Яму быў 51 год.