"Газпром" пакуль не набывае кантрольнага пакету акцыяў "Белтрансгазу"

Пытаньне пра набыцьцё "Газпромам" кантрольнага пакету акцыяў "Белтрансгазу" пакуль не стаіць, заявіла сёньня ў Менску на прэсавай канфэрэнцыі адказная супрацоўніца Дзяржкамітэту па маёмасьці Беларусі Натальля Жарнасек.
Яна адзначыла, што цяпер расейскі і беларускі бакі парытэтна валодаюць акцыямі "Белтрансгазу":

"Безумоўна, сытуацыя, калі акцыі падзеленыя ў прапорцыі 50 на 50, складаная. Але калі абодва акцыянэры скіраваныя на адну мэту – атрыманьне прыбытку, дык палітыка і стратэгія разьвіцьця грамадзтва для іх будзе аднолькавая і адзіная".

Спадарыня Жарнасек адначасова зьвярнула ўвагу і на тое, што беларускі бок не забываецца пра тое, што "Белтрансгаз" знаходзіцца ў Беларусі і на прадпрыемтсве працуюць яе жыхары.

Расейскі канцэрн гэтай вясною пералічыў апошнія 625 мільёнаў даляраў за 12,5% акцыяў "Белтрансгазу", павялічыўшы сваю долю ў сумесным прадпрыемстве да 50%.Тым самым завершаная 4-гадовая ўгода, у выніку якой Беларусь атрымала за прададзеныя акцыі 2,5 мільярда даляраў, але па сутнасьці страціла магчымасьць самастойна вызначаць палітыку стратэгічнага прадпрыемства, нагадвае Інтэрфакс.