Прэзыдэнт Клаўс згадаў, як дапамагаў ставіць барыкады 65 гадоў таму

Па традыцыі памінальная акцыя прайшла ў Празе ла будынку Чэскага радыё, дзе 65 гадоў таму адбыліся ключавыя падзеі Праскага паўстаньня. Прэзыдэнт Вацлаў Клаўс і прэм'ер Ян Фішэр аддалі даніну памяці людзей, якія паўсталі супраць акупантаў. Паводле словаў Клаўса, значэньне паўстаньня не прымяншае той факт, што яно адбылося на самым канцы вайны. Клаўс таксама згадаў, што ён, у той час чатырохгадовы хлопчык, калі пабачыў, што дарослыя будуюць барыкады, стаў падносіць ім камяні брукаванкі.

У сваю чаргу прэм'ер Ян Фішэр адзначыў, што Праскае паўстаньне разбурае міт пра тое, што чэхі ніколі не ваявалі. Сыгналам да паўстаньня стаў заклік Чэскага радыё аб дапамозе. Перш, чым у Прагу 9 траўня ўвайшлі савецкія танкі, дапамогу паўстанцам аказвалі уласаўцы. Імёны савецкіх маршалаў-танкістаў Конева ці Рыбалкі перажылі ўсе перайменавальныя зьмены і засталіся ў назвах праскіх вуліц.

Сёлета ўспамін аб Праскім паўстаньні пройдзе ня толькі пад знакам удзячнасьці яго героям. Заўтра чэскае тэлебачаньне плянуе паказаць доўгі час «засакрэчаны» аматарскі фільм, аўтар якога зазьняў брутальныя расправы над цывільнымі немцамі адразу пасьля вызваленьня.