"Прайдзісьвет" прэзэнтуе літаратуру маладосьці

Cёньня ў “КнігарніЎгалерэі” пройдзе прэзэнтацыя чацьвертага нумару інтэрнэт-часопіса “ПрайдзіСьвет”. Гэты нумар прысьвечаны літаратуры маладосьці – літаратарам, якія альбо рана кінулі пісаць, альбо рана пайшлі з жыцьця.
Нумар чацьвертага "ПрайдзіСьвету" носіць назоў "Juvenes dum sumus". Радком са знакамітага гімну студэнтаў яго назвалі нездарма – бо менавіта маладой літаратуры прысьвечаны новы "ПрайдзіСьвет". Гаворыць сябра рады часопісу Юлія Цімафеева:

"Сярод аўтараў гэтага нумару варта згадаць такія знакамітыя імёны, як Арцюр Рэмбо, Джым Морысан, Джон Кітс, Наваліс, Вільгельм Гаўф. Акрамя таго, прадстаўленыя творы і тых, хто на беларускую мову раней практычна не перакладаўся, – пакаленьне польскіх "калюмбаў" – Кшыштаф Каміль Бачыньскі, Анджэй Тшэбіньскі, Тадэвуш Бароўскі, латыш Клаўс Элсбэргс, беларус Ігар Паглазаў, ангелец Обры Бёрдсьлі, партугалец Албэрту Каэйру, проза і паэзія Стывэна Крэйна – амэрыканцы таксама прадстаўленыя ў нумары, чэх Вацлаў Граб’е, флямандзец Албрэхт Радэнбах".

Гэтых выбітных літаратараў пераклалі маладыя беларускія перакладчыкі. Прычым зрабілі гэта вельмі прафэсійна, лічыць Лявон Баршчэўскі. Дарэчы, у разьдзеле "Майстар-кляс" – гутарка пра літаратурныя пераклады з паліглётам Баршчэўскім. Пытаюся ў яго, адкуль зьявілася гэтая плеяда талентаў:

"Тое, што ў нас зьявілася плеяда маладых перакладчыкаў, – гэта вынік дзейнасьці канкрэтных людзей, а менавіта Перакладчыцкай майстэрні пры Беларускім калегіюме. Кіраўнік майстэрні Андрэй Хадановіч адкрыў большасьць гэтых перакладчыкаў асабіста. Нешта падобнае было ў сярэдзіне 1980-х гадоў, калі ў нас была суполка "Бабілён". Мы таксама тады здолелі ўцягнуць людзей у гэтую патрэбную, калі не для сёньняшняга дня, дык для будучага, справу. Асабліва калі Хадановіч узначаліў беларускі ПЭН-цэнтар, вельмі сур'ёзна ён працуе і заахвочвае людзей. Вось гэтыя таленты – Марыйка Мартысевіч, Кацярына Маціеўская, тая ж Юлія Цімафеева, Ганна Янкута – гэта ўсё ягоныя адкрыцьці".

Ёсьць у новым "ПрайдзіСьвеце" і пераклады, якія друкаваліся раней (пераклады паэмаў Лермантава, датаваныя пачаткам ХХ стагодзьдзя).
У разьдзеле крытычных матэрыялаў Postscriptum – артыкул Васіля Сёмухі пра Клаўса Элсбэргса, эсэ Дзьмітрыя Строцава пра Ігара Паглазава, артыкул Ганны Ражанцовай пра нядаўна памерлага Джэрома Дэвіда Сэлінджэра.